Пантыфік: Святы Дух дае нам свабоду служыць у любові і радасці
Аляксандр Панчанка - Pope
“Першае, што мы даведваемся пра асобу, гэта яе імя”, - зазначыў Пантыфік на пачатку катэхезы, якую прысвяціў імені Святога Духа ў Бібліі. Ён падкрэсліў, што “Дух” – гэта “латынізаваная версія”, а прарокі, псальмісты, Марыя, Езус і апосталы ведалі Яго як Ruach, што значыць “веянне, вецер, подых”.
“У Бібліі імя настолькі важнае, што амаль атаясамліваецца з самой асобай. Свяціць Божае імя, значыць свяціць і ўшаноўваць самаго Бога. Яно ніколі не з’яўляецца ўмоўным зваротам, але заўсёды кажа нешта пра асобу, яе паходжанне і місію. Тое самае тычыцца імя Ruach. Яно ўтрымлівае ў сябе першае фундаментальнае аб’яўленне пра асобу і заданне Святога Духа”, - сцвердзіў Францішак.
Папа адзначыў, што вобраз ветру, які ўжываецца ў Бібліі, служыць у першую чаргу для выразу “магутнасці Святога Духа”, бо вецер – гэта непераадольная і нястрымная сіла, здольная нават узрушваць акіяны.
“Аднак, каб зразумець поўны сэнс біблійных рэалій, трэба не спыняцца на Старым Запавеце, а прыйсці да Езуса. Разам з магутнасцю, Езус падкрэслівае яшчэ адну рысу ветру – яго свабоду. Нікадэму, які прыйшоў да Яго ўначы, Езус урачыста заявіў: “Вецер вее там, дзе хоча, і голас яго чуеш, але не ведаеш, адкуль прыходзіць і куды ідзе. Так ёсць з кожным, хто нарадзіўся з Духа” (Ян 3,8)”, - сказаў Францішак.
Пантыфік падкрэсліў, што вецер немагчыма падпарадкаваць, загнаць у бутэльку ці ўпакаваць у скрынку. Сучасны рацыяналізм безвынікова намагаўся зрабіць гэта са Святым Духам, спрабуючы замкнуць Яго ў “паняццях, вызначэннях, тэзах ці трактатах”, у выніку чаго звёў Яго “да чыстага і простага чалавечага розуму”.
“Аднак, падобная спакуса існуе і ў касцёльнай сферы – жаданне замкнуць Святога Духа ў канонах, інстытутах, дэфініцыях. Святы Дух стварае і ажыўляе інстытуты, але не можа быць “інстытуцыяналізаваны”. Вецер вее, “дзе хоча”, таму Дух размяркоўвае свае дары “як хоча” (1Кар 12,11)”, - падкрэсліў Святы Айцец.
Папа спаслаўся на словы апостала Паўла, які казаў: “Дзе Дух Пана, там свабода” (2 Кар 3,17). “Гаворка ідзе пра асаблівую свабоду, вельмі адрозную ад той, якую звычайна маюць на ўвазе. Гэта не свабода рабіць тое, што мы хочам, але свабода добраахвотна рабіць тое, што хоча Бог! Гэта не свабода рабіць дабро ці зло, але свабода рабіць дабро і рабіць яго добраахвотна, гэта значыць у сілу імкнення, а не прымусу. Іншымі словамі – гэта свабода дзяцей, а не рабоў”, - сказаў ён.
Францішак згадаў таксама словы, якімі святы Павел перасцерагаў ад свабоды, якая выкарыстоўваецца, каб “дагадзіць целу”, а не для таго, каб любоўю служыць адно аднаму. Апостал падкрэсліваў, што такое выкарыстанне свабоды прыводзіць да многіх грахоў, і нават склаў іх спіс, які застаецца актуальным заўсёды: “распуста, нячыстасць, разбэшчанасць, ідалапаклонства, чарадзейства, варожасць, спрэчкі, зайздрасць, гнеў, сварлівасць, звады, ерасі, нянавісць, п’янства, непрыстойнасць і падобнае да гэтага”.
“Але ёсць таксама свабода, якая дазваляе багатым выкарыстоўваць бедных, якая дазваляе моцным выкарыстоўваць слабых, а ўсім беспакарана выкарыстоўваць навакольнае асяроддзе. Гэта дрэнная свабода, гэта не свабода Духа”, - сцвердзіў Папа.
“Браты і сёстры, адкуль мы чэрпаем гэту свабоду Духа, настолькі супрацьлеглую свабодзе эгаізму? Адказ крыецца ў словах, з якімі Езус звярнуўся аднойчы да сваіх слухачоў: “Калі Сын вызваліць вас, будзеце сапраўды свабоднымі” (Ян 8,36). Гэта свабода, якую дае нам Езус. Давайце папросім Езуса, сілай Яго Духа Святога, зрабіць нас па-сапраўднаму свабоднымі людзьмі. Свабоднымі, каб служыць у любові і радасці”, - завяршыў катэхезу Пантыфік.