Папа: несці Божае слова людзям і ўцелаўляць яго ва ўчынках любові
Аляксандр Панчанка - Pope
Францішак прысвяціў катэхезу Слузе Божай Мадлен Дэльбрэль (1904-1964) – французскай сацыяльнай работніцы, пісьменніцы, містычцы, якая больш за трыццаць гадоў пражыла на бедных, рабочых ускраінах Парыжа. Яна была “аслепленай сустрэчай з Панам” і перакананай у тым, што людзі, якія пазналі Божае слова, не маюць права трымаць яго для сабе, але павінны несці яго іншым і ўцелаўляць у клопаце пра іх.
Папа нагадаў, што ў юнацтве Мадлен Дэльбрэль прытрымлівалася агнастычных поглядаў і сустрэла Пана толькі ва ўзросце каля дваццаці гадоў, дзякуючы сведчанню некаторых веруючых сяброў.
“Тады яна пачала шукаць Бога, даючы голас глыбокай празе, якую адчувала ўнутры сябе. Яна разумела, што “пустата, якая крычала ў яе трывозе” – гэта Бог, які шукаў яе. Радасць веры прывяла яе да сталення ў выбары на карысць жыцця, цалкам падараванага Богу, у сэрцы Касцёла і сэрцы свету, у прастаце па-братэрску паздзяляючы жыццё “людзей вуліцы”, - распавёў Святы Айцец.
Пантыфік нагадаў паэтычныя словы Мадлен Дэльбрэль, якая пісала, звяртаючыся да Хрыста: “Каб быць з Табой на Тваім шляху, трэба ісці, нават калі наша лянота просіць нас спыніцца. Ты выбраў нас, каб прабывалі ў дзіўнай раўнавазе, якую можна захоўваць толькі знаходзячыся ў руху, толькі ў запале. Гэта крыху падобна на веласіпед, які падае, калі не рухаемся... Мы можам захоўваць раўнавагу толькі калі прасоўваемся, калі рухаемся ў запале любові”. Слуга Божая называла гэта “духоўнасцю веласіпеда”, - сказаў Францішак.
Паводле Папы, Мадлен Дэльбрэль мела сэрца, якое няспынна імкнулася насустрач людзям. Яна ўзрушвалася воклічам бедных і “адчувала, што Жывы Бог Евангелля павінен спальваць нас унутры, пакуль не панясём Яго імя тым, хто яшчэ не знайшоў Яго”, - сказаў Святы Айцец, дадаючы, што перад абліччам пакут свету і бедных яна адчула пакліканне “цалкам і дакладна жыць любоўю Езуса: ад алею Добрага Самараніна да воцату Кальварыі”, спаўняючы запаведзь любові да Бога і бліжняга.
“Мадлен вучыць нас яшчэ адной рэчы: што евангелізуючы мы евангелізуемся. Таму яна казала, спасылаючыся на святога Паўла: “Гора мне, калі евангелізацыя не евангелізуе мяне”, - падкрэсліў Святы Айцец.
“Гледзячы на гэтае сведчанне Евангелля, мы таксама даведваемся, што ў кожнай сітуацыі нашага жыцця, асабістай і грамадскай, Пан прысутны і заклікае нас жыць нашым часам, падзяляць жыццё іншых, злучацца з радасцямі і смуткам свету. У прыватнасці, гэта сведчанне таксама вучыць нас, што нават секулярызаваныя асяроддзі спрыяюць навяртанню, бо кантакты з няверуючымі пабуджаюць верніка пастаянна пераглядаць тое, як ён верыць, і нанава адкрываць веру ў яе глыбокай сутнасці”, - дадаў Святы Айцец.
“Няхай Мадлен Дэльбрэль навучыць нас жыць гэтай верай, скажам так, “у руху” – гэтай плённай верай, якая робіць кожны ўчынак у веры ўчынкам любові ў абвяшчэнні Евангелля”, - завяршыў катэхезу Францішак.