Пантыфік: Бог кліча чалавека, каб Яго любоў дасягнула ўсіх
Аляксандр Панчанка - Pope
Падчас агульнай аўдыенцыі, якая прайшла 22 лістапада 2023 года на плошчы святога Пятра ў Ватыкане, Францішак прысвяціў катэхезу чарговаму аспекту хрысціянскага прапаведавання, нагадаўшы што яно павінна быць адрасавана ўсім. “Калі мы па-сапраўднаму сустракаем Пана Езуса, захапленне гэтай сустрэчай праймае наша жыццё і патрабуе таго, каб мы неслі яго далей. Гэтага хоча Ён, каб Яго Евангелле было для ўсіх”, - сказаў Папа, нагадваючы, што Хрыстус нарадзіўся, памёр і ўваскрос для ўсіх людзей, не выключаючы нікога.
“Усе маюць права прыняць Евангелле. Хрысціяне абавязаны абвяшчаць яго ўсім без выключэння, не як тыя, хто навязвае новы абавязак, але як тыя, хто хоча падзяліцца радасцю, хто паказвае прыгожы далягляд, прапануе жаданую гасціну. Касцёл пашыраецца не дзякуючы празелітызму, але”дзякуючы прываблівасці”, - працытаваў ён словы Апостальскай адгартацыі Evangelii gaudium.
“Браты, сёстры, адчуем сябе на службе ўсеагульнаму прызначэнню Евангелля; будзем адрознівацца здольнасцю выходзіць за рамкі нашых асяродкаў, пераўзыходзіць усякія межы”, - сказаў Пантыфік, адзначаючы, што хрысціяне павінны больш знаходзіцца перад уваходам у касцёлы, чым у сакрыстыях, ісці “на вуліцы і завулкі горада”. “Яны павінны быць адкрытымі і экспансіўнымі, “экстравертнымі”, а гэта іх рыса паходзіць ад Езуса, які зрабіў са сваёй прысутнасці ў свеце няспынны шлях, мэта якога – дасягнуць усіх”, - падкрэсліў Святы Айцец.
Францішак прывёў у прыклад евангельскае апавяданне пра сустрэчу Езуса Хрыста з канаанскай жанчынай, якая прасіла аздаравіць яе дачку, апанаваную злым духам. “Езус адмовіў ёй, кажучы, што быў пасланы толькі “да загінуўшых авечак з дому Ізраэля” і што “нядобра забраць хлеб у дзяцей і кінуць шчанятам”. Але жанчына, з настойлівасцю, уласцівай простым людзям, паўтарала, што “шчаняты ядуць крошкі, якія падаюць са стала гаспадароў іхніх”. Езус быў уражаны і сказаў ёй: “О жанчына, вялікая вера твая! Няхай станецца табе, як жадаеш”. У сустрэчы з гэтай жанчынай ёсць нешта выключнае. Тут не толькі нехта змяніў ідэю Езуса, і гаворка ідзе пра жанчыну, чужынку і язычніцу; але сам Пан знайшоў пацвярджэнне таго факту, што Яго прапаведаванне не павінна абмяжоўвацца народам, да якога Ён прыналежыць, але адкрыцца на ўсіх”, - заўважыў Пантыфік.
“Біблія паказвае нам, што калі Бог кліча чалавека і заключае запавет з некаторымі, крытэрый заўсёды той жа: Ён выбірае некага, каб дасягнуць усіх. Гэта крытэрый Бога, Божага паклікання”, - дадаў Святы Айцец, падкрэсліваючы, усе сябры Пана спазналі прыгажосць, а таксама адказнасць і цяжар быцця “выбранымі” Ім.
Францішак заўважыў, што самая вялікая спакуса ў такім кантэксце – гэта лічыць пакліканне прывілеем. “Пакліканне – гэта не прывілей. Мы не павінны казаць, што з’яўляемся прывілеяванымі перад іншым. Пакліканне – гэта служэнне”, - сказаў Папа, нагадваючы, што Бог выбірае чалавека, каб праз яго дасягнуць са сваёй любоўю ўсіх.
“Давайце не будзем забываць: Бог выбірае некага, каб любіць усіх. Гэта гарызонт паўсюднасці. Евангелле – не толькі для мяне, але для ўсіх. Не будзем забываць пра гэта”, - сцвердзіў Святы Айцец на заканчэнне катэхезы.