Пантыфік: місійны дух Матэа Рычы – актуальны прыклад
Аляксандр Панчанка – Pope
Пантыфік працягнуў катэхетычны цыкл, прысвечаны евангелізацыйнай руплівасці і апостальскаму запалу, нагадаўшы пра постаць святога Матэа Рычы – італьянскага місіянера, які нарадзіўся ў Мачэраце ў вобрасці Марке, а пасля заканчэння езуіцкай школы і ўступлення ў Таварыства Езуса ў Рыме, папрасіў адправіць яго на місіі на Далёкі Усход.
Францішак заўважыў, што пасля няўдалай спробы святога Францішка Ксаверыя трапіць у Кітай, гэта намагаліся зрабіць іншыя дваццаць пяць езуітаў, але таксама беспаспяхова. Але Рычы і яго сабрат вельмі добра рыхтаваліся да гэтай місіі, яны вывучалі кітайскую мову і традыцыі і ўрэшце здолелі абсталявацца на поўдні гэтай краіны.
“Спатрэбілася васямнаццаць гадоў з чатырма этапамі праз чатыры розныя гарады, каб дасягнуць Пекіну. З пастаянствам і цярплівасцю, натхнёны непарушнай верай, Матэа Рычы змог пераадолець цяжкасці небяспекі, недавер і супраціў”, - зазначыў Папа.
Святы Айцец падкрэсліў, што Рычы “заўсёды ішоў шляхам дыялогу і сяброўства з усімі людзьмі, якіх сустракаў, і гэта адчыніла яму многія дзверы для абвяшчэння хрысціянскай веры”. “Яго першым творам на кітайскай мове быў менавіта трактар Пра сяброўства, які меў вялікі рэзананс”, - дадаў ён.
“Каб упісацца ў кітайскую культуру і жыццё, ён спачатку апранаўся як будысцкія бонзы, але потым зразумеў, што лепш за ўсё пераймаць лад жыцця і вопратку літаратараў... Ён паглыблена вывучаў іх класічныя тэксты, каб мець магчымасць прадставіць хрысціянства ў пазітыўным дыялогу з іх канфуцыянскай мудрасцю і са звычаямі і традыцыямі кітайскага грамадства”, - падкрэсліў Францішак, заўважыўшы, што гэта была сапраўдная інкультурацыя хрысціянскай веры.
Папа адзначыў, што выдатная навуковая падрыхтоўка місіянера выклікала цікавасць і захапленне з боку адукаваных людзей: напрыклад, яго знакамітая геаграфічная карта свету з рознымі кантынентамі, вядомымі на той час, упершыню адкрыла кітайцам знешнюю рэальнасць.
“Але таксама матэматычныя і астранамічныя веды Рычы і яго паслядоўнікаў-місіянераў спрыялі плённай сустрэчы паміж культурай і навукай Захаду і Усходу, якая потым перажыве адзін з самых шчаслівых перыядаў пад знакам дыялогу і сяброўства”, - сказаў Францішак, дадаючы, што праца Матэа Рычы была б немагчымай без супрацоўніцтва з яго вялікімі кітайскімі сябрамі, такімі як Сюй Гуанцы і Лі Жыцзаа, якія, прыняўшы хрост, узялі сябе імёны Павел і Леў, адпаведна.
“Аднак слава Рычы як чалавека навукі не павінна засланяць самую глыбокую матывацыю ўсіх яго намаганняў: абвяшчэнне Евангелля”, - заўважыў Святы Айцец, падкрэсліваючы, што аўтарытэт, здабыты дзякуючы навуковаму дыялогу, надзяліў місіянера пераканаўчасцю, неабходнай для прапанавання ісціны хрысціянскай веры і маралі.
У дадатак да навучання, менавіта яго сведчанне рэлігійнага жыцця, цнот і малітвы, яго міласэрнасць, пакора і поўная незацікаўленасць ва ўзнагародах і багаццях дазвалялі многім яго кітайскім вучням і сябрам прыняць каталіцкую веру. Папа падкрэсліў, што для паспяховай евангелізацыі ў першую чаргу неабходна паслядоўнасць паміж словамі і ладам жыцця.
Матэа Рычы памёр у Пекіне ў 1610 годзе ў 57-гадовым узросце, аддаўшы ўсё сваё жыццё місіям. “Місійны дух Матэа Рычы з’яўляецца жывым актуальным прыкладам. Яго любоў да кітайскага народа – гэта прыклад; але вельмі актуальным з’яўляецца таксама яго шлях паслядоўнасці ў жыцці, сведчанне яго хрысціянскага жыцця. Ён прынёс хрысціянства ў Кітай; ён – вялікі чалавек, вялікі навуковец, вялікі, таму што мужны, таму што напісаў шмат кніг, але ў першую чаргу ён вялікі таму што быў паслядоўным у сваім пакліканні, паслядоўны жаданню ісці за Езусам Хрыстом”, - сказаў Францішак, заклікаючы ўсіх задумацца над уласнай паслядоўнасцю.