ҽ

Пантыфік распачаў катэхетычны цыкл аб евангелізацыі

Хрысціянскае абвяшчэнне заключаецца не ў перакананні іншых, а ў сведчанні, - падкрэсліў Францішак падчас агульнай аўдыенцыі, якую правёў 11 студзеня 2023 года ў Зале Паўла VI у Ватыкане.

Аляксандр Панчанка - Pope

Святы Айцец распачаў новы катэхетычны цыкл, прысвечаны евангелізацыйнай руплівасці і апостальскаму запалу. Ён падкрэсліў, што гаворка ідзе пра “жыццёва важнае вымярэнне для Касцёла”, бо “супольнасць вучняў Езуса нарадзілася апостальскай, місійнай”: Святы Дух фарміруе яе, скіраванай на выйсце да людзей, “каб не была замкнёнай у сабе, але экстравертнай, заразлівай сведкай Езуса, што імкнецца выпраменьваць Яго святло аж да краю зямлі”.

“Аднак можа здарыцца так, што апостальскі запал, жаданне дасягнуць іншых з добрай весткай Евангелля, аслабне”, - папярэдзіў Пантыфік, дадаючы, што “калі хрысціянскае жыццё губляе з поля зроку гарызонт евангелізацыі, гарызонт абвяшчэння, яно захворвае: замыкаецца ў сабе, становіцца самадастатковым, атрафіруецца”. “Без апостальскага запалу вера слабее. Місіянерства ж, наадварот, з’яўляецца кіслародам хрысціянскага жыцця: яно ажыўляе і ачышчае яго”, - сказаў Францішак.

У якасці прыкладу паклікання да місіі Папа прывёў гісторыю святога Мацвея, апісаную самім апосталам у яго Евангеллі (9, 9-13). “Усё пачалося з Езуса, які “ўбачыў чалавека”, гаворыцца ў тэксце. Мала хто бачыў Мацвея такім, якім ён быў: яго ведалі як таго, хто “сядзеў на мытні”. Фактычна ён быў зборшчыкам падаткаў: тым, хто збіраў падаткі ад імя Рымскай імперыі, якая акупавала Палестыну. Іншымі словамі, ён быў калабарацыяністам, здраднікам народа. Але ў вачах Езуса Мацвей быў чалавекам са сваёй мізэрнасцю і веліччу”, - зазначыў Пантыфік.

“І хаця паміж Мацвеем і яго народам існавала адлегласць”, Езус “наблізіўся да яго, таму што Бог любіць кожнага чалавека”, - дадаў Папа, адзначаючы, што позірк, які бачыць кожнага чалавека як “адрасата любові”, з’яўляецца “пачаткам евангелізацыйнай руплівасці”. “Усё пачынаецца з гэтага позірку, якому мы вучымся ў Езуса”, - сказаў ён, заклікаючы задумацца над тым, як мы глядзім на бліжніх, як часта заўважаем іх хібы, а не патрэбы, навешваем на іх ярлыкі з-за таго, што яны робяць ці думаюць.

“Нават як хрысціяне мы кажам паміж сабой: ён з нашых ці не адзін з нас? Позірк Езуса не такі: Ён заўсёды глядзіць на кожнага з міласэрнасцю і прыхільнасцю. І хрысціяне пакліканы рабіць як Хрыстус, прыпадабняючыся да Яго, асабліва ў адносінах да так званых “далёкіх”. Апавяданне пра пакліканне Мацвея, насамрэч, заканчваецца словамі Езуса: “Я прыйшоў заклікаць не праведнікаў, а грэшнікаў”, - нагадаў Пантыфік.

Францішак заўважыў, што пасля позірку Езуса пачаўся рух: Хрыстус паглядзеў на Мацвея і сказаў: “Ідзі за Мною”, а той “устаў і пайшоў за Ім”. У тую эпоху, чалавек, які сядзеў, меў уладу над іншымі, што стаялі перад ім, каб выслухаць ці аддаць належнае. Езус жа адарваў Мацвея ад улады, каб не прымаў людзей седзячы, а сам пайшоў да іх; прымусіў Мацвея пакінуць пазіцыю вяршэнства, каб паставіць яго на адзін узровень з братамі і адкрыць на гарызонт служэння. “Гэта тое, што робіць Хрыстус, і гэта фундаментальна для хрысціян: мы, вучні Езуса, Касцёл, мы сядзім і чакаем, пакуль прыйдуць людзі, ці мы здольныя ўставаць, выходзіць у дарогу разам з іншымі, шукаць іншых?”, - спытаў Святы Айцец.

Папа нагадаў, што паглядзеўшы на Мацвея і паклікаўшы яго за сабой, Езус не адразу павёў яго да новых сустрэч і новых духоўных перажыванняў: спачатку Езус накіраваўся ў яго дом, дзе Мацвей падрыхтаваў для яго “вялікую гасціну”, на якую прыйшло “шмат мытнікаў”.

“Мацвей вярнуўся ў сваё асяроддзе, але вярнуўся змененым і з Езусам. Яго апостальская руплівасць пачынаецца не ў новым, чыстым, ідэальным, далёкім месцы, але там, дзе ён жыў, з людзьмі, якіх ведаў. Вось пасланне для нас: мы не павінны чакаць, пакуль станем дасканалымі і пройдзем доўгі шлях за Езусам, каб сведчыць пра Яго; наша абвяшчэнне пачынаецца ўжо сёння, там, дзе мы жывём. І яно пачынаецца не са спробы пераканаць іншых, але з таго, каб кожны дзень сведчыць пра прыгажосць Любові, якая паглядзела на нас і ўзняла нас”, - сказаў Францішак.

Пантыфік спаслаўся на словы Бэнэдыкта XVI, які сцвярджаў, што “Касцёл не займаецца празелітызмам, але расце шляхам прыцягнення”. “Гэта прывабнае і радаснае сведчанне з’яўляецца мэтай, да якой Езус вядзе нас сваім позіркам любові і рухам, што скіроўвае да людзей, які Яго Дух абуджае ў сэрцы. А мы можам задумацца: ці наш позірк падобны на позірк Езуса, каб прыцягваць людзей, каб набліжаць іх да Касцёла? Давайце падумаем пра гэта...”, - завяршыў катэхезу Святы Айцец.

11 студзеня 2023, 10:10

Мінулая аўдыенцыя

Увесь кантэнт >