Пантыфік: пілігрымка ў Бахрэйн служыла братэрству і дыялогу
Аляксандр Панчанка - Pope
Папа заўважыў, што прыбыў у Бахрэйн, каб прыняць удзел у Форуме на карысць дыялогу паміж Усходам і Захадам. “Дыялог патрэбны, каб адкрыць для сябе скарбы тых, хто прыналежыць да іншых народаў, традыцый, веравызнанняў. Бахрэйн – архіпелаг, які складаецца з мноства астравоў – дапамог нам зразумець, што жыць трэба не ізалюючыся, а збліжаючыся... Гэтага патрабуе справа міру, а дыялог – “кісларод міру”, - сказаў ён, дадаючы, што гэта датычыць не толькі міжнародных адносін, але таксама стасункаў у сям’і.
Францішак нагадаў словы саборнай канстытуцыі Gaudium et spes пра тое, што будаванне міру патрабуе ад людзей “розумам і духам выйсці па-за межы свайго народу, каб, пазбавіўшыся нацыянальнага эгаізму і амбіцый панавання над іншымі народамі, яны пашыралі глыбокую пашану да ўсяго чалавецтва, якое з такімі цяжкасцямі ідзе да больш цеснага адзінства” (82).
“У Бахрэйне я адчуў гэту патрэбу і пажадаў, каб ва ўсім свеце рэлігійныя і грамадзянскія лідары былі здольнымі глядзець далей за свае межы і супольнасці, каб клапаціцца пра цэлае. Толькі такім чынам можна адказаць на пэўныя агульначалавечыя выклікі, такія як забыццё Бога, трагедыя голаду, абарона стварэння, мір. У гэтым сэнсе Форум дыялогу пад назвай Усход і Захад за чалавечае суіснаванне заклікаў выбраць шлях сустрэчы і адмовіцца ад шляху канфрантацыі. Як нам патрэбна гэта! Я думаю пра вар’яцкую вайну, ахвярай якой стала змучаная Украіна, і пра шмат іншых канфліктаў, якія ніколі не вырашыць інфантыльнай логікай зброі, а толькі мяккай сілай дыялогу”, - сказаў Святы Айцец.
Пантыфік зазначыў таксама, што дыялог немагчымы без сустрэчы. Ён падкрэсліў, што ў Бахрэйне некалькі разоў чуў пажаданне, “каб паміж хрысціянамі і мусульманамі пачасціліся сустрэчы, каб усталяваліся больш трывалыя адносіны, каб мы больш прымалі адзін аднаго блізка да сэрца”, дадаючы, што без шчырага прыняцця “дыялог застаецца пустым, уяўным, застаецца пытаннем ідэй, а не рэальнасці”.
Францішак з цяплынёй узгадаў пра сваю сустрэчу з Вялікім імамам Аль-Азхара Ахмадам Аль-Таебам, а таксама пра каштоўны ўрок, які даюць вучні каталіцкай школы Найсвяцейшага Сэрца: хрысціяне і мусульмане вучацца разам, лепш пазнаючы адзін аднаго, а братэрская сустрэча перашкаджае ідэалагічным падзелам. Ён высока адзначыў мудрае сведчанне членаў мясцовай Мусульманскай рады старэйшын, якая “спрыяе добрым адносінам паміж ісламскімі супольнасцямі ў імя павагі, цярпімасці і міру, супрацьстаяння фундаменталізму і гвалту”.
Папа заўважыў, што яго падарожжа ў Бахрэйн не варта разглядаць як асобны эпізод, але як частку шляху, які распачаў святы Ян Павел ІІ, наведаўшы Марока. “Такім чынам, першы візіт Папы ў Бахрэйн стаў новым крокам на шляху паміж хрысціянскімі і мусульманскімі вернікамі: не для таго, каб змяшаць і аслабіць веру, але для таго, каб будаваць братэрскія саюзы ў імя айца Абрагама, які быў пілігрымам на зямлі пад позіркам адзінага міласэрнага Бога Нябёсаў, Бога міру”, - сказаў Пантыфік, заўважаючы, што дыялог патрабуе добрага асэнсавання ўласнай тоеснасці.
“Дыялог, сустрэча і шлях у Бахрэйне адбываліся таксама і паміж хрысціянамі: першая сустрэча, па сутнасці, была экуменічнай, была малітвай за мір, з дарагім Патрыярхам і Братам Барталамеем і з братамі і сёстрамі розных канфесій і абрадаў. Гэта адбылося ў катэдральным касцёле, прысвечаным Маці Божай Аравійскай, структура якога нагадвае шацёр, у якім, паводле Бібліі, Бог сустрэў Майсея ў пустыні, на шляху. Браты і сёстры ў веры, якіх я сустрэў у Бахрэйне, сапраўды жывуць “на шляху”: у большасці сваёй гэта працоўныя мігранты, якія ўдалечыні ад дому знаходзяць свае карані ў Божым народзе, а сваю сям’ю – у вялікай сям’і Касцёла”, - сказаў Папа, падкрэсліваючы, што падчас сустрэч з мясцовымі пастырамі, кансэкраванымі асобамі, душпастырскімі работнікамі і вернікамі, таксама з іншых краін Персідскага заліва, ён прынёс ім любоў усяго Касцёла.
“І сёння я хачу перадаць вам іх шчырую, простую і прыгожую радасць”, - сказаў Пантыфік, заклікаўшы вернікаў, сабраных на плошчы святога Пятра, разважаючы пра шлях і штодзённы досвед дыялогу бахрэйнскіх хрысціян, адчуць сябе пакліканымі пашырыць кругагляд, адкрыць сэрцы, прысвяціць сябе пазнанню іншых, таму што, “каб ісці шляхам братэрства і міру, патрэбны ўсе і кожны”.