Святы Айцец: убачыць у Езусе вялікага і добрага Сябра
Аляксандр Панчанка - Pope
Францішак працягнуў катэхетычны цыкл пра духоўнае распазнаванне, засяродзіўшы ўвагу на малітве, яго неад’емным элеменце. Малітва дае магчымасць размаўляць з Богам, як з сябрам, увайсці ў блізкія адносіны з Ім, і з большай лёгкасцю распазнаваць тое, што падабаецца Яму, - падкрэсліў Папа, дадаючы, што менавіта блізкасць і давер да Бога, былі таямніцай жыцця святых.
“Гэта блізкасць праганяе страх ці сумнеў адносна таго, што Бог не хоча нашага дабра – спакусу, якая часам пранізвае нашы думкі і сэрцы, неспакойныя і няўпэўненыя”, - сказаў Святы Айцец.
Пантыфік зазначыў, што духоўнае распазнанне не прэтэндуе на гарантаванне абсалютнай упэўненасці, бо датычыць жыцця, а жыццё не заўсёды лагічнае, у ім ёсць шмат аспектаў, якія нельга абмежаваць выключна катэгорыяй мыслення. “Мы б хацелі дакладна ведаць, што рабіць, але нават калі даведваемся, не заўсёды робім гэта з паслядоўнасцю. Мы неаднойчы перажывалі апісанае апосталам Паўлам: “Дабро, якое хачу, не раблю, а зло, якога не хачу, раблю” (Рым 7,19)”, - заўважыў ён.
Папа нагадаў, што першым цудам Езуса, апісаным у Евангеллі святога Марка, быў экзарцызм і вызваленне чалавека ад фальшывага вобразу Бога, навязанага д’яблам: вобразу Бога, які не хоча нашага шчасця (1,21-28). “Апанаваны нячыстым духам ведаў, што Езус – Бог, але не верыў у Яго. І, насамрэч, ён казаў: “Ты прыйшоў загубіць нас”, - зазначыў Святы Айцец.
“Многія людзі, таксама і хрысціяне, думаюць так жа: што Езус можа быць Божым Сынам, але сумняваюцца адносна таго, што Ён хоча нашага шчасця; больш за тое, некаторыя баяцца, што сур’ёзнае прыняцце Яго прапановы прывядзе да зруйнавання жыцця, умярцвення нашых жаданнях, нашых самых глыбокіх памкненняў. Такія думкі нярэдка закрадваюцца ў нас: быццам Бог патрабуе ад нас зашмат, быццам не любіць нас па-сапраўднаму”, - сказаў Папа.
Насамрэч, знакам сапраўднай сустрэчы з Панам з’яўляецца радасць. “Смутак ці страх – гэта знакі аддаленасці ад Яго”, - сказаў Пантыфік, спасылаючыся на евангельскую гісторыю пра багатага юнака, якому празмерная прывязанасць да багаццяў перашкодзіла наследаваць Пана і ў выніку ён адышоў ад Езуса смутны. “Хто аддаляецца ад Пана, ніколі не бывае задаволеным, нават маючы ў распараджэнні вялікія даброты і магчымасці”, - папярэдзіў Святы Айцец, нагадваючы, што Бог ніколі не прымушае чалавека ісці за Ім, але пакідае свабоду выбару.
“Распазнаваць тое, што адбываецца ўнутры нас, нялёгка, бо ілюзіі ўводзяць у зман, але блізкасць з Богам можа мякка развязаць вузел сумневаў і страхаў, робячы наша жыццё ўсё больш і больш адкрытым на Яго “лагоднае святло”, згодна з цудоўным выразам святога Джона Генры Ньюмана. Святыя ззяюць адлюстраваным святлом і простымі жэстамі сваёй штодзённасці паказваюць нам любячую прысутнасць Бога, Які робіць немагчымае магчымым. Кажуць, што сужонкі, якія пражылі разам шмат часу ў любові, становяцца падобнымі адзін да аднаго. Нешта такое можна сказаць і пра душэўную малітву: паступова, але эфектыўна, яна робіць нас усё больш і больш здольнымі распазнаваць тое, што мае вартасць, натуральна, як нешта, што вынікае з глыбіні нашай душы”, - падкрэсліў Папа.
Францішак заклікаў прасіць аб ласцы сяброўскіх, блізкіх адносін з Панам, аб магчымасці па-сяброўску, душэўна размаўляць з Ім. “Гэта ласка, аб якой мы павінны прасіць адзін для аднаго: бачыць Езуса як нашага самага вялікага і вернага Сябра, Які не вымагае, а ў першую чаргу, Які ніколі не пакідае, нават калі мы аддаляемся ад Яго”, - запэўніў вернікаў Пантыфік.