Агульная аўдыенцыя: на крыжы Езус маліўся за кожнага з нас
Аляксандр Панчанка – Pope
“Малітва была адной з самых відавочных рысаў жыцця Езуса. Езус маліўся і маліўся шмат. На працягу сваёй місіі Хрыстус часта занураўся ў малітву, бо дыялог з Айцом, быў распаленым ядром усяго Яго існавання”, - заўважыў Пантыфік, распачынаючы апошнюю катэзеху з цыкла, прысвечанага малітве. Разважаннямі на гэту тэму Папа дзяліўся з вернікамі кожную сераду пачынаючы з 6 мая 2020 г.
Францішак падкрэсліў, што яшчэ больш інтэнсіўнай і гарачай малітва Езуса стала ў гадзіну Яго мукі і смерці. “Гэтыя кульмінацыйныя падзеі з’яўляюцца цэнтрам хрысціянскага прапаведвання: гэтыя апошнія гадзіны, перажытыя Езусам у Ерузалеме, з’яўляюцца сэрцам Евангелля не толькі таму што евангелісты пакінулі ім прапарцыянальна большае месца, але таксама таму што смерць і ўваскрасенне – як бліскавіца – праліваюць святло на ўсё астатняе жыццё Езуса. Ён не быў філантропам, які клапаціўся пра пакуты і хваробы людзей, але кімсьці значна большым”, - сказаў Святы Айцец.
Папа адзначыў, што ў дні апошняй Пасхі Езуса, можна ўбачыць Яго цалкам занураным у малітву. “Ён моліцца драматычным чынам у Гефсеманскім садзе, ахоплены смяротнай трывогай. І тым не менш, менавіта ў гэты момант Езус звяртаецца да Бога, называючы Яго Abbà, Тата. Гэта слова на арамейскай мове – якая была мовай Езуса – выражае блізкасць і давер. Адчуваючы згушчэнне цемры вакол сябе, Езус пераадольвае яе гэтым кароткім словам: Abbà! Тата...”, - заўважыў Пантыфік.
Францішак звярнуў увагу на тое, што Езус маліўся таксама на крыжы, “змрочна ахутаны маўчаннем Бога”. “Нягледзячы на гэта на Яго вуснах яшчэ раз з’яўляецца слова “Ойча”. Гэта самая мужная малітва, бо на крыжы Езус становіцца абсалютным заступнікам: моліцца за іншых, моліцца за ўсіх, нават за тых, хто яго асудзіў, але ніхто, акрамя няшчаснага разбойніка, не стаў на Яго бок. Усе былі або супраць Яго або абыякавымі... “Ойча, прабач ім, бо не ведаюць, што робяць” (Лк 23,34). У разгар драмы, у пакутным болю душы і цела, Езус моліцца словамі псальмаў; разам з беднымі свету, асабліва з тымі, хто быў забыты ўсімі, Ён прамаўляе надзвычай трагічныя словы Псальма 22: “Божа мой, Божа мой, чаму Ты Мяне пакінуў?”. Ён адчуваў пакінутасць і маліўся...”, - нагадаў Папа.
Завяршаючы катэхезу, Папа заклікаў памятаць пра тое, “што мы не толькі молімся, але таксама былі “вымалены”, былі прыняты ў дыялог Езуса з Айцом, еднасць Святога Духа. “Езус моліцца за мяне: кожны з нас можа ўкласці гэта ў сваё сэрца, не забываць пра гэта нават у самыя кепскія моманты...”, - сказаў Папа, заклікаючы ісці па жыцці з адвагай, праслаўляючы Бога і ўсведамляючы, што Езус маліўся за нас да Айца.