Агульная аўдыенцыя: што рабіць, калі цяжка маліцца?
Аляксандр Панчанка – Pope
Цяжкасцям, якія даводзіцца перажываць у малітве, прысвяціў сваю катэхезу Францішак падчас агульнай аўдыенцыі, якая 19 мая 2021 г. прайшла ў Панадворку св. Дамаса ў Ватыкане. “Маліцца – нялёгка. Падчас малітвы ўзнікае шмат складанасцей. Трэба іх ведаць, вызначаць і перамагаць”, - сцвердзіў Папа.
Першай перашкодай Святы Айцец назваў няўважлівасць. Яна часта спадарожнічае малітве, бо “чалавечаму розуму цяжка падоўгу быць засяроджаным на адной думцы”.
, - звярнуў увагу Пантыфік.
“Барацьба за здабыццё і захаванне канцэнтрацыі тычыцца не толькі малітвы. Без дастатковага ўзроўню засяроджанасці немагчыма плённа вучыцца і добра працаваць. Спартсмены ведаюць, што перамогі ў спаборніцтвах здабываюцца не толькі дзякуючы фізічным трэніроўкам, але таксама дзякуючы разумовай дысцыпліне, асабліва здольнасці быць сканцэнтраванымі і захоўваць увагу”, - нагадаў Святы Айцец.
Папа падкрэсліў, што “няўважлівасць не з’яўляецца правінай”, але з ёй трэба змагацца з дапамогай цноты, якая прысутнічае ў спадчыне нашай веры і шматразова ўзгадваецца ў Евангеллі, але часта застаецца забытай: гаворка ідзе пра пільнасць. Езус нярэдка заклікаў сваіх вучняў чуваць з думкай пра тое, што раней ці пазней Ён вернецца, як жаніх з вяселля ці як гаспадар з падарожжа.
“Не ведаючы, аднак, ні дня, ні гадзіны Яго вяртання, усе хвіліны нашага жыцця з’яўляюцца каштоўнымі, і таму не павінны растрачвацца ў няўважлівасці. У пэўны момант, якога не ведаем, зноў прагучыць голас нашага Пана: у той дзень, шчаслівымі будуць слугі, якіх Ён застане за працай, засяроджанымі над тым, што па-сапраўднаму важнае”, - сказаў Папа.
, - дадаў Францішак
Другая цяжкасць, якая ўзнікае ў малітве – гэта чэрствасць, “калі сэрца застаецца неадчувальным і не шукае думак, успамінаў і пачуццяў нават духоўнага характару”.
“Часта мы не ведаем у чым прычына чэрствасці: яна можа залежаць ад нас саміх, а можа і ад Бога, які дазваляе, каб здараліся пэўныя сітуацыі ў знешнім і ўнутраным жыцці. Духоўныя настаўнікі апісваюць досвед веры, як пастаяннае чаргаванне перыядаў суцяшэння і спустошанасці; перыядаў, калі ўсё даецца лёгка, і тых, якія пазначаны глыбокай прыгнечанасцю”, - патлумачыў Пантыфік.
Нарэшце трэцяя цяжкасць – гэта стомленасць, якая з’яўляецца “сапраўднай спакусай супраць малітвы” і “супраць хрысціянскага жыцця”. Катэхізіс Каталіцкага Касцёла апісвае яе як “форму духоўнай ляноты, выкліканай аслабленнем пільнасці і занядбаннем аховы сэрца”; умацаваная самаўпэўненасцю, яна можа нават прывесці да духоўнай смерці.
, - сказаў Папа.
Пантыфік нагадаў прыпавесць пра дасканалую радасць, у якой св. Францішак Асізскі вучыў, што добрыя якасці манаха вымяраюцца “не бясконцымі поспехамі, якія як дождж падаюць з неба”, але здольнасцю з пастаянствам крочыць наперад, “нават калі нас не прызнаюць, калі зневажаюць, калі ўсё згубіла першапачатковы смак”.
“Усе святыя праходзілі праз гэту “цёмную даліну”, таму не трэба абурацца, калі, чытаючы іх дзённікі, пачуем водгукі пра вечары, у якія яны маліліся без ахвоты, без адчування смаку малітвы. Трэба навучыцца казаць: “Нават калі Ты, мой Божа, здаецца робіш усё, каб я перастаў верыць у Цябе, я ўсё роўна буду працягваць маліцца да Цябе”. Вернікі ніколі не спыняюць малітву! Часам яна можа станавіцца падобнай на малітву Ёва, які не прымаў несправядлівых адносін Бога да сябе, пратэставаў і наракаў на Яго”, - сказаў Папа.
Францішак заўважыў, што абурэнне на Бога таксама можа быць малітвай. Ён запэўніў, што Пан абавязкова выслухае маўклівыя просьбы і пытанні “чаму?”, якія людзі ўзносяць да Яго ў час спустошанасці. “І нават нашы самыя вострыя і горкія словы Ён збярэ з любоўю бацькі, і будзе лічыць іх актам веры, малітвай”, - падкрэсліў на заканчэнне катэхезы Пантыфік.