Равазі: Пасланне да Рымлянаў – архітэктура хрысціянскай думкі
Аляксандр Панчанка - Pope
Былы старшыня Папскай рады па культуры прыняў удзел у чарговай сустрэчы ў межах ініцыятывы Lectio Petri, якая прайшла 19 лютага 2025 года ў ватыканскай базіліцы і была прысвечана асобе апостала Паўла, у прыватнасці яго Пасланню да Рымлянаў.
У каментары для Pope іерарх адзначыў, што ў гэтым тэксце “ўздымаюцца фундаментальныя тэмы, якія датычацца таго, што значыць быць чалавекам, адносін з Богам, веры і ласкі”. Але таксама ў ім гаворыцца пра вельмі канкрэтныя пытанні штодзённага жыцця, напрыклад пра падаткі і сацыяльныя адносіны. “Таму гэты тэкст вельмі важны і для нашай сучаснасці”, - сказаў ён.
Адна з асноўных тэм Паслання да Рымлянаў – грэх і ідэя пра тое, што чалавек не можа збавіцца толькі праз Закон і добрыя ўчынкі, а патрабуе таксама ласкі і веры. Для апостала Паўла гаворка ішла не пра тое, каб “збавіцца”, а пра тое, каб “дазволіць быць збаўленым”. Збаўленне – “гэта вялікі дар Бога, які змывае наша зло і дазваляе стаць новымі істотамі”, - дадаў былы старшыня Папскай рады па культуры.
Суразмоўцам кардынала Равазі падчас сустрэчы ў Базіліцы святога Пятра быў італьянскі філосаф, псіхааналітык і ўніверсітэцкі выкладчык Умбэрта Галімбэрці. Ён прызнаўся, што не з’яўляецца вернікам, але найбольш цікавым у хрысціянстве лічыць уцелаўленне Бога, дзякуючы якому яно адрозніваецца “ад іншых монатэістычных рэлігій, дзе Бог не становіцца чалавекам, а застаецца абсалютнай трансцэндэнтнасцю”.
“Такім чынам, хрысціянства становіцца рэлігіяй цела, а не душы. Першыя хрысціяне не ведалі нічога пра душу. Душа – гэта паняцце Платона, якое ён вынайшаў”, - сказаў філосаф, падкрэсліваючы, што хрысціянства – гэта рэлігія ўцелаўлення і менавіта дзякуючы гэтаму паспрыяла з’яўленню вялікіх твораў мастацтва, якія ўпрыгожваюць хрысціянскія храмы.