Анёл Панскі: адарацыя– не марнаванне часу, а наданне яму сэнсу
Марыя Валодзіна - Pope
“Сёння мы святкуем Аб’яўленне Пана, Яго з'яўленне перад усімі народамі, якіх увасабляюць мудрацы (пар. Мц 2,1-12). Убачыўшы зорку, яны адправіліся ў падарожжа і прыйшлі ў Бэтлеем, дзе знайшлі Езуса з Марыяй, Маці Яго, пакланіліся і прынеслі ў дар золата, ладан і смірну”, - нагадаў Святы Айцец.
Папа звярнуў увагу на гэтую сцэну, на мудрацоў, якія распазналі прысутнасць Бога ў простым немаўляці: “не ў прынцу або шляхетным вяльможы, а ў дзіцяці бедных людзей”. Мудрацы схіляюцца перад Ім, пакланяючыся Яму. “Зорка прывяла іх да Дзіцятка, і ў яго маленькіх нявінных вачах яны ўбачылі святло Творцы, пошуку якога яны прысвяцілі сваё жыццё”, - сказаў Папа.
На думку Пантыфіка, гэты досвед – вырашальны для іх і важны для нас: у Дзіцятку Езусе мы бачым Бога, які стаў чалавекам. “Дык давайце ж паглядзім на Яго, захопімся Яго пакорай. Сузіранне Езуса, эўхарыстычная адарацыя – не марнаванне часу, а наданне яму сэнсу”, - падкрэсліў Францішак.
Пантыфік заклікаў вернікаў знайсці час, каб паназіраць за дзецьмі, якія “сваім даверам, непасрэднасцю, здзіўленнем, здаровай цікаўнасцю, здольнасцю спантанна плакаць і смяяцца, марыць, распавядаюць нам пра Езуса”. Бог такі – даверлівае і простае Дзіцятка, якое любіць жыццё (пар. Зых 11: 26). “Давайце паслухаем, што яны кажуць нам і што Бог кажа нам праз іх”, - сказаў Папа, запрашаючы перад Дзіцяткам Езусам і ў кампаніі дзяцей вучыцца здзіўляцца, пачаць жыць, як мудрацы, простым і лепшым жыццём, а таксама даведацца, як па-новаму і творча зірнуць на праблемы свету.
Францішак заахвоціў вернікаў спытаць сябе: “Ці спыняліся мы ў гэтыя дні для адарацыі, ці вылучылі мы трохі часу для Езуса ў цішыні, молячыся перад яслямі? Ці праводзілі мы час з дзецьмі, размаўляючы і гуляючы з імі? І, нарэшце, ці здольныя мы ўбачыць праблемы свету вачыма дзяцей?”
Папа заклікаў Маці Божую ўзмацніць нашу любоў да Дзіцятка Езуса і да ўсіх дзяцей, асабліва да тых, хто пакутуе ад войнаў і несправядлівасці.