Анёл Панскі: святыя Пётр і Павел вучаць няспынна сталець у веры
Аляксандр Панчанка – Pope
Францішак спаслаўся на літургічнае евангельскае чытанне на ўрачыстасць святых Пятра і Паўла, у якім апостал Пётр сказаў Езусу: “Ты – Хрыстус, Сын Бога жывога” (Мц 16,16). “Гэта вызнанне веры, якое Пётр прамовіў не на падставе свайго разумення веры, але таму што Бог яго натхніў”, - удакладніў Пантыфік, адзначаючы, што “для рыбака Сымона, званага Пятром, гэта быў пачатак шляху: насамрэч, павінна будзе прайсці шмат часу, перш чым гэтыя словы глыбока ўвойдуць у яго жыццё, цалкам змяніўшы яго”.
“Таксама і мы верым, што Езус – Месія, Сын Бога жывога, але патрэбны час, цярплівасць і вялікая пакора, каб наш лад мыслення і ўчынкі сталі цалкам адпаведнаць Евангеллю”, - заўважыў Папа, падкрэсліваючы, што і Пётр неадкладна пераканаўся ў гэтым: адразу пасля вызнання веры, ён пачаў абурацца, калі пачуў, што Езус павінен будзе пакутаваць і памерці на крыжы, бо лічыў гэта неадпаведным Месіі.
“Давайце задумаемся: ці не здараецца так з намі? Мы паўтараем Сімвал веры, прамаўляем яго з верай; але перад абліччам цяжкіх жыццёвых выпрабаванняў, нам здаецца, што ўсё хістаецца. Мы пачынаем пратэставаць перад Панам, кажучы Яму, што гэта няправільна, што павінны быць іншыя шляхі, больш прамыя, менш складаныя”, - сказаў Францішак, нагадваючы, што менавіта такую ўнутраную драму перажыў святы Пётр, які патрабаваў часу і сталення: спачатку апостал прыходзіў у жах ад думкі пра крыж, а напрыканцы жыцця даў мужнае сведчанне аб Пану, дазволіўшы ўкрыжаваць сябе галавой уніз, як кажа традыцыя.
Папа зазначыў, што таксама і апостал Павел прайшоў праз павольнае сталенне ў веры, спазнаўшы моманты няўпэўненасці і сумневаў. “Аб’яўленне Уваскрослага на дарозе ў Дамаск, якое ператварыла яго з ганіцеля ў хрысціяніна, павінна разглядацца як пачатак шляху, на якім апостал павінен быў лічыцца з крызісамі, падзеннямі і пастаянным турбаваннем з боку таго, што ён называў “джалам у целе” (пар. 2 Кар 12,7)”, - сказаў Святы Айцец.
“Шлях веры ніколі не з’яўляецца лёгкай прагулкай, ён заўсёды цяжкі, часам цярністы для ўсіх нас: таксама і Павел, стаўшы хрысціянінам, павінен быў паступова навучыцца быць ім да канца, асабліва праз моманты выпрабаванняў”, - сцвердзіў Францішак.
“У святле гэтага досведу святых апосталаў Пятра і Паўла, кожны з нас можа спытаць у сябе: калі вызнаю маю веру ў Езуса Хрыста, Божага Сына, раблю гэта з усведамленне таго, што заўсёды павінен вучыцца, ці лічу, што “ўжо зразумеў усё?”. І яшчэ: у цяжкасцях і выпрабаваннях апускаю рукі, наракаю ці вучуся выкарыстоўваць іх як нагоду для ўзрастання ў даверы да Пана? Ён, насамрэч, – піша Павел да Цімафея – вызваляе нас кожнай ліхой справы і захоўвае для неба (пар 2 Цім 4,18). Няхай Панна Марыя, Каралева Апосталаў, навучыць нас наследаваць іх, дзень за днём ідучы наперад па шляху веры”, - завяршыў нядзельнае разважанне Святы Айцец.