Ватыкан: палітыкі і эксперты абмяркоўвалі падаткі і салідарнасць
Аляксандр Панчанка - Pope
Міжнародны форум, арганізаваны Папскай акадэміяй сацыяльных навук, быў прысвечаны пошуку шляхоў пераадолення недахопаў сучаснай падатковай сістэмы, якая ўсё больш спрыяе росту глабальнай няроўнасці.
Сучаснай міжнароднай падатковай сістэме больш за сто гадоў, і яна яўна не адпавядае выклікам гіперглабалізаванага свету, дазваляючы транснацыянальным карпарацыям і звышзаможным асобам плаціць вельмі нізкія падаткі. У выніку ўрады пазбаўляюцца важных фінансавых рэсурсаў, - падкрэсліла сястра Хэлен Элфард, старшыня Папскай акадэміі сацыяльных навук.
Англійская дамініканка звярнула ўвагу на шырокае прызнанне маральнага лідарства Касцёла і Папы, у тым ліку ў пытаннях патрэбы перагляду падатковай сістэмы. Па яе словах, пацвярджэннем гэтага стаў удзел вялікай колькасці чыноўнікаў у ватыканскай сустрэчы.
“Сусветныя лідары прызнаюць здольнасць Святога Айца размаўляць з 1,4 мільярда католікаў, а таксама з іншымі людзьмі, бо ён з’яўляецца прызнаным маральным аўтарытэтам і па-за межамі Касцёла”, - адзначыла законніца.
Яна падкрэсліла, што многія міжнародныя эксперты лічаць Папскую акадэмію сацыяльных навук каштоўнай пляцоўкай для абмеркавання “ідэй, пра якія было б вельмі складана размаўляць у іншым месцы”.
У канферэнцыі прыняў удзел амерыканскі навуковец Джозэф Стыгліц, лаўрэат Нобелеўскай прэміі па эканоміцы 2001 года. У каментары для Pope ён падкрэсліў неабходнасць больш справядлівай падатковай сістэмы, дзякуючы якой вельмі багатыя людзі і карпарацыі будуць плаціць больш падаткаў. На яго думку, гэта можа прывесці да “руху да большай роўнасці” і “аднаўлення даверу да эканамічнай сістэмы”.