ҽ

Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота 

Святы Пасад: супрацьстаяць пашырэнню антысемітызма ў інтэрнэце

Святы Пасад глыбока занепакоены тэндэнцыяй баналізаваць ці мінімізаваць Халакост, падкрэсліўшы, што алгарытмы штучнага інтэлекту спрыяюць пашырэнню антысеміцкіх матэрыялаў у сацыяльных сетках.

Аляксандр Панчанка - Pope

Пастаянны назіральнік Апостальскай Сталіцы пры АБСЕ, арцыбіскуп Рычард Гіра, скіраваў пасланне да ўдзельнікаў Канферэнцыі па барацьбе з антысемітызмам, якая прайшла 10-11 лютага 2025 года ў Хельсінкі. Зварот быў зачытаны падчас форуму Апостальскім нунцыем у Паўночных краінах, ксяндзом Даменіка Вітолам.

Штучны інтэлект і пашырэнне антысемітызму

Арцыбіскуп Гіра заўважыў, што тэракт 7 кастрычніка і канфлікт у Газе выклікалі хвалю антысеміцкай і антымусульманскай дыскрымінацыі і нянавісці. Антысемітызм, у прыватнасці, праяўляецца ў розных формах, напрыклад, праз адмаўленне, баналізацыю ці мінімізацыю Халакосту, апраўданне нянавісці да яўрэяў ці заахвочванне да гвалту супраць іх. З дапамогай алгарытмаў штучнага інтэлекту матэрыялы такога зместу, часта маніпулятыўнага характару, шырока распаўсюджваюцца ў інтэрнэце, асабліва ў сацыяльных сетках, - зазначыў ватыканскі дыпламат.

Адказнасць экспертаў у галіне тэхналогій

Прадстаўнік Папы падкрэсліў, што правы чалавека павінны быць абаронены як офлайн, так і анлайн. У сувязі з гэтым ён заахвоціў да большай адказнасці экспертаў у галіне тэхналогій, пастаўшчыкоў інтэрнэт-паслуг і сацыяльных сетак. Дыпламат выказаў пажаданне, каб тэхналогіі служылі чалавечай годнасці. Адным з інструментаў, які можа дапамагчы ў рэалізацыі гэтай мэты, ён назваў увядзенне адмысловых “кодэксаў паводзін” і ўмяшанне дзяржаўных органаў у сітуацыях, калі гэта неабходна.

Важнасць адукацыі

Назіральнік Святога Пасаду пры АБСЕ таксама звярнуў увагу на важнасць адукацыі і выхавання для барацьбы з антысемітызмам і фармавання павагі да яўрэйскіх супольнасцяў.

“Невуцтва, забабоны і стэрэатыпы садзейнічаюць антысемітызму ў нашых супольнасцях; адукацыя можа стаць апорай супраць іх, дапамагаючы нашаму грамадству – а асабліва дзецям і моладзі – асэнсаваць агульную адказнасць за абарону чалавечай годнасці ўсіх людзей”, - напісаў арцыбіскуп Рычард Гіра.
 

13 лютага 2025, 10:03