Блізкі дарадца Папы: Францішак не здаецца і не адступае
Аляксандр Амяльчэня - Pope
"Францішак мае сур'ёзную праблему са здароўем і праходзіць лячэнне. Безумоўна, гэта няпростае лячэнне, і яно патрабуе часу. Сітуацыя далікатная, але я не бачу ніякіх падстаў для панікі", - падкрэсліў падсакратар Дыкастэрыі па культуры і адукацыі ў размове з журналістам Джан Гвіда Векі.
Паводле слоў Спадара, нягледзячы на ўзрост і праблемы са здароўем, Папа захоўвае моцную жыццёвую энергію. "Ён не з'яўляецца чалавекам, які здаецца ці адступае. Мы бачылі гэта і раней", - адзначыў ён.
Езуіт падкрэсліў, што Пантыфік знаходзіцца пад кваліфікаваным медыцынскім наглядам і патрабуе прыкладна 2-3 тыдні на аднаўленне. Хоць Францішку цяжка знаходзіцца ў замкнёнай прасторы, ён разумее неабходнасць прытрымлівацца ўказанняў урачоў, тым больш што сам заснавальнік Таварыства Езуса святы Ігнацый Лаёла наказваў сваім братам слухацца медыкаў у час хваробы.
Важным фактам, які падкрэсліў ксёндз Спадара, з'яўляецца тое, што Пантыфік не меў поўнага адпачынку з 1970-х гадоў. Нават падчас кароткіх выездаў ён працягвае сустракацца з людзьмі і займацца справамі. "Нават цяпер ён чытае газеты, крыху працуе, тэлефануе. Як заўсёды, дэманструе незвычайную жыццёвую энергію. У рэшце рэшт, тыповым для езуіта з'яўляецца жыццё і праца, а таксама смерць у акопах", - заўважыў з іроніяй святар.
Езуіт, які вельмі цесна ўзаемадзейнічае з Францішкам, таксама адзначыў, што Папа спакойна ставіцца да сваіх фізічных абмежаванняў. Прыкладам гэтага стала нядаўняя Імша на ватыканскай плошчы, калі ён, адчуўшы сябе дрэнна, перадаў тэкст гаміліі Майстру папскіх цырымоній.
На заканчэнне інтэрв'ю ксёндз Спадара падкрэсліў, што Пантыфік усведамляе: Касцёлам кіруюць галавой, а не нагамі. Калі б Францішак адчуў, што ў яго няма энергіі весці Касцёл наперад, ён бы падаў у адстаўку, як гэта зрабіў Бэнэдыкт XVI. Аднак пакуль часовыя праблемы са здароўем не перашкаджаюць яму выконваць сваю місію, бо "паводле прынцыпу, служэнне Папы з'яўляецца пажыццёвым".