Краеўскі: чарговы гуманітарны груз ад Папы прыбыў ва Украіну
Аляксандр Панчанка - Pope
Прэфект Дыкастэрыі па міласэрным служэнні пракаментаваў дастаўку ў Харкаў чарговага гуманітарнага грузу, падрыхтаванага гэтым ватыканскім ведамствам у супрацоўніцтве з украінскай грэка-каталіцкай парафіяй святой Сафіі ў Рыме.
Іерарх адзначыў, што гэта быў “вельмі вялікі грузавік, поўны сапраўды неабходных рэчаў”, у тым ліку цёплых спальнікаў, якія Папа атрымаў са Славакіі як дар для тых, хто мае патрэбу. “Усе неабходныя рэчы, якія Святы Айцец атрымлівае падчас візітаў прэзідэнтаў ці міністраў, што ахвотна дзеляцца тым, што вырабляецца ў іх краінах, перасылаюцца ў рэгіёны, ахопленыя вайной”, – адзначыў ён.
Кардынал Краеўскі выказаў радасць з таго, што “чарговая дапамога ад Святога Айца даехала да гэтага горада, які апошнім часам найбольш пацярпеў ад бамбардзіровак”.
Ватыканскі прэфект добра знаёмы з сітуацыяй мірнага насельніцтва ў Харкаве, бо асабіста наведаў яго ў вігілію Божага Нараджэння. У гэтым буйным горадзе жыве каля мільёна мясцовых жыхароў, а таксама вялікая колькасць бежанцаў з прыфрантавых тэрыторый.
Прэфект адзначыў, што гуманітарная дапамога з Ватыкана для ўкраінцаў заўсёды арганізуецца ў супрацоўніцтве з парафіяй святой Сафіі, якая з пачатку вайны самаахвярна імкнецца падтрымліваць сваіх суайчыннікаў. Вынікам гэтага стала адпраўка ўжо каля 260 грузавікоў з дапамогай у розныя рэгіёны Украіны.
Кардынал Краеўскі нагадаў, што поўнамаштабная вайна ва Украіне цягнецца ўжо амаль тры гады. “Вельмі лёгка забыць пра вайну ці прызвычаіцца да яе, таму Святы Айцец нястомна заклікае памятаць пра тых, хто мае патрэбу, каб не стаць абыякавымі. Раўнадушша – гэта найгоршае, што можа здарыцца. Таму пры кожнай нагодзе ён моліцца за краіны, што пакутуюць ад войнаў”, - сказаў іерарх, падкрэсліваючы, што за словамі малітвы павінны ісці канкрэтныя ўчынкі міласэрнасці.
Апостальскі элемазінарый таксама паведаміў, што 24 лютага, у трэцюю гадавіну поўнамаштабнага расійскага ўварвання ва Украіну, ён разам са сваімі супрацоўнікамі будзе ў першую чаргу маліцца за мір. “Мы будзем прасіць добрага Бога аб міры праз заступніцтва Марыі, якая з’яўляецца Каралевай супакою”, - падзяліўся прэфект Дыкастэрыі па міласэрным служэнні.