Кардынал Фернандэс: змена полу – гэта спроба змяніць асобу
Аляксандр Амяльчэня - Pope
Як паведамляе каталіцкая інфармацыйная сетка CNA/EWTN, кардынал Віктар Фернандэс падкрэсліў, што змена полу – гэта не проста знешняя змена, але "імкненне да змены ідэнтычнасці, жаданне быць іншай асобай". Ён выказаў крытычнае стаўленне да "прэтэнзіі на ўсемагутнасць", якую дэманструе гендарная ідэалогія.
Прэфект выразна выказаў нязгоду з меркаваннем, што полавая і цялесная ідэнтычнасць можа быць прадметам радыкальных змен паводле ўласных жаданняў і патрабаванняў свабоды кожнага чалавека.
Разам з тым, кардынал заклікаў да ўважлівага разгляду выключных сітуацый, звязаных з сур'ёзнымі эмацыйнымі расстройствамі, якія робяць жыццё нясцерпным. Аднак ён рашуча выступіў супраць ідэалогій, якія імкнуцца адмаўляць рэчаіснасць, дадзеную Богам.
Падчас канферэнцыі прэфект таксама закрануў тэму дакумента Дыкастэрыі веравучэння пра чалавечую годнасць Dignitas infinita. Ён падкрэсліў, што нават бясконцы пошук не дазволіць знайсці нічога, што магло б абмежаваць, абумовіць ці адмовіць гэтую годнасць. Паводле яго слоў, "бясконцы" азначае "абсалютна безумоўны" – незалежна ад усіх абставін і ў якім бы стане ці сітуацыі не знаходзіўся чалавек.