У Ватыкане сустрэнецца моладзь з Ізраіля, Палесціны і ЗША
Марыя Валодзіна - Pope
Міжрэлігійная сустрэча моладзі з Ізраіля, Палесціны і ЗША пройдзе пад назвай Сэнс сустракаецца з намі (Meaning Meets Us). Мэта мерапрыемства – адказаць на крызіс сэнсу ў свеце, пазначаным палярызацыяй і падзеламі.
Арганізатары сустрэчы – ініцыятыва Scholas Occurrentes у партнёрстве з Універсітэтам сэнсу, Іерусалімскім яўрэйскім універсітэтам, супольнасцю Middle Meets і Універсітэтам Нотр-Дам – прапануюць шырокую праграму, у рамках якой запланаваны культурныя і адукацыйныя мерапрыемствы ў Ватыкане і ў розных кутках Рыма, а таксама сустрэча з Францішкам, якая адбудзецца 5 лютага 2025 года.
Маладыя людзі, якія належаць да мусульманскай, юдэйскай і хрысціянскай супольнасцей, таксама возьмуць удзел у сесіях ініцыятывы Middle Meets – прасторы для адкрытага і канструктыўнага дыялогу, заснаванай студэнтамі Іерусалімскага яўрэйскага ўніверсітэта ў адказ на атакі ХАМАС у кастрычніку 2023 года.
"У той час як акадэмічныя колы спрабуюць знайсці баланс паміж свабодай выказвання і паважлівым дыялогам, паміж цэнзурай і абаронай правоў, гэты праект нагадвае нам, што ўніверсітэт павінен быць прасторай для сумленнай і аналітычнай дыскусіі, заснаванай на ведах. Супрацоўніцтва дзвюх ініцыятыў дазваляе нам аб'яднаць інтэлект і эмоцыі, каб спрыяць шчыраму і смеламу дыялогу. Калі гэта адбываецца ва ўмовах канфлікту варожых краін, з’яўляецца пробліск надзеі на лепшую будучыню", - адзначыў прафесар Эліцур Бар-Ашэр Сігал, які ўзначальвае праект Middle Meets.
З моманту свайго заснавання ініцыятыва Scholas Occurrentes прасоўвае міжрэлігійны дыялог з дапамогай адукацыйных праектаў, такіх як 4-кіламетровы мурал, створаны падчас Сусветных дзён моладзі ў Лісабоне, і скульптура Шматграннае сэрца, пабудаваная ў Інданезіі з удзелам каталіцкай і мусульманскай моладзі. Пачынаючы з 2017 года Scholas Occurrentes арганізуе штогадовыя сустрэчы моладзі, якая належыць да розных канфесій. Плануецца пашырэнне гэтай ініцыятывы і яе правядзенне ў розных гарадах.