Кардынал развітаўся з Даніэлем – бяздомным з ватыканскіх вуліц
Аляксандр Амяльчэня - Pope
Кардынал Конрад Краеўскі і валанцёры з Дыкастэрыі па міласэрным служэнні развіталіся з памерлым у 11 студзеня 2025 года раніцай у рымскім касцёле святога Грыгорыя VII, усяго за некалькі соцень метраў ад Каланады Берніні, дзе ён правёў апошнія гады свайго жыцця.
"Даніэль стаў братам, чалавекам, які быў мне патрэбны", - падзялілася кранальным сведчаннем Марыя Пія, адна з валанцёраў, якая амаль штодня суправаджала Даніэля. "Ён мала гаварыў, але ўмеў выклікаць усмешку. У яго былі вочы, якія праніклі ў цябе. Часта, асабліва ў апошні перыяд яго зямнога жыцця, у мяне было ўражанне, быццам сам Езус глядзіць на мяне".
Кардынал Краеўскі ўспамінаў блакітныя вочы і доўгую бараду Даніэля, "якой мог бы ганарыцца любы камедул". Папскі элемазінарый адзначыў, што нябожчык быў ціхім і сціплым чалавекам, які за гады жыцця на вуліцах каля Ватыкана заваяваў сяброўства многіх валанцёраў і мінакоў. "Ён заўсёды быў джэнтльменам – нават зімой, вітаючыся з валанцёркамі, кожны раз здымаў пальчаткі", - падкрэсліў іерарх.
Даніэль стаў настаўнікам для многіх валанцёраў. Сваім прыкладам ён вучыў вытрымцы, не здавацца перад цяжкасцямі і заўсёды пачынаць нанова. "Мяне вельмі кранала, калі ён, вяртаючыся з падарожжаў, распавядаў, што яго абрабавалі, забралі ўсе грошы і дакументы. Ён спакойна казаў: “З заўтрашняга дня пачну нанова, пачну зарабляць і паступова стану на ногі", - успамінае Марыя Пія.
За некалькі дзён да смерці хворы Даніэль здзейсніў сваю апошнюю мару – выйсці на свежае паветра. Пятнаццацімінутная прагулка на інваліднай калясцы стала яго апошнім падарожжам.