Праз Святую Браму ў Ватыкане ўжо прайшлі паўмільёна пілігрымаў
Марыя Валодзіна - Pope
Сотні груп вернікаў сцякаюцца да ватыканскай базілікі. “Гэта вельмі значны пачатак. Вялікая колькасць людзей, якая рухаецца па Віа-дэла-Канчыліяцыёнэ, дае важнае сведчанне, а таксама служыць прыкметай таго, што пілігрымы адчуваюць сябе ў Рыме і каля чатырох папскіх базілік у бяспецы і пад абаронай”, - адзначыў арцыбіскуп Рына Фізікела, прапрэфект Дыкастэрыі па евангелізацыі, адказны за арганізацыю Юбілею.
Апостальская Сталіца працягвае цесна супрацоўнічаць з службамі бяспекі і з прэфектурай Рыма. Чакаецца, што колькасць пілігрымаў будзе пастаянна павялічвацца. "Вядома, у першыя два тыдні не абышлося без некаторых складанасцей у кіраванні людскімі патокамі, але Дыкастэрыя нястомна працуе, каб забяспечыць пілігрымам годны прыём і досвед, які адпавядае іх чаканням", - дадаў арцыбіскуп Фізікела.
Падрыхтоўка да юбілейных святкаванняў і пілігрымак ідзе па ўсім свеце. Шматлікія дзеці, моладзь, дарослыя і пажылыя людзі ўжо адчулі атмасферу Юбілею падчас яго адкрыцця, якое прайшло ў дыяцэзіях 29 снежня 2024 года.
Пачынаючы з 5 студзеня 2025 года вернікі могуць прайсці праз Святыя Брамы чатырох папскіх базілік: Святога Пятра, Святога Паўла па-за мурамі, Святога Яна на Латэране і Санта-Марыя-Маджорэ. Каб здзейсніць пілігрымку, неабходна загадзя забраніраваць месца на сайце Юбілею: iubilaeum2025.va.
Першым буйным мерапрыемствам Святога года стане Юбілей СМІ, журналістыкі і камунікацыі, які будзе адзначацца 24-26 студзеня 2025 года. Чакаецца, што з гэтай нагоды ў Рым прыедуць тысячы журналістаў, экспертаў і прадстаўнікоў СМІ з усяго свету.