ҽ

Кардынал Гуджэроці завяршыў візіт у Сірыю

Пасланнік Францішка завяршыў сваё падарожжа ў Сірыю. Ён наведаў Дамаск, Алепа, Хомс, а таксама манаскую супольнасць Мар Муса. Асноўная мэта місіі – данесці любоў і падтрымку Папы мясцовым вернікам і духавенству, а таксама засведчыць яго блізкасць да ўсяго сірыйскага народа.

Марыя Валодзіна - Pope

Кардынал Клаўдыё Гуджэроці падзяліўся сваімі ўражаннямі ад сустрэч з сірыйцамі, якія сутыкаюцца з вялікімі цяжкасцямі ў паўсядзённым жыцці: шырока распаўсюджанай беднасцю, адсутнасцю вады, электрычнасці і ацяплення, нявызначанасцю будучыні. Нягледзячы на стан прастрацыі, у якім цяпер знаходзяцца людзі, пасланне Францішка аб блізкасці было ўспрынята як бальзам для душы. "Калі вы прыносіце прывітанне і суцяшэнне Папы, гэта мае вельмі моцны ўплыў на людзей”, - адзначыў іерарх.

Хрысціяне павінны застацца

Ватыканскі прадстаўнік падкрэсліў важнасць захавання хрысціянскай прысутнасці ў Сірыі. Імкненне хрысціян да эміграцыі з-за беднасці і палітычнай нестабільнасці выклікае занепакоенасць. "Мы надалі гэтаму пытанню шмат увагі, паспрабавалі пераканаць іх, што мы зробім усё магчымае, каб іх дзеці маглі мець будучыню на гэтай зямлі, інакш краіна рызыкуе страціць свае чалавечыя рэсурсы. Хрысціянская прысутнасць, ужо і так мінімальная, рызыкуе назаўжды знікнуць там, дзе, наадварот, знаходзіцца калыска хрысціянскага свету”, - сказаў ён.

Роля моладзі

Падчас падарожжа па Сірыі кардынал Гуджэроці сустрэўся з моладдзю, якая актыўна ўдзельнічае ў жыцці хрысціянскай супольнасці. Ва ўсіх парафіях бесперапынна дзейнічае скаўцкі рух. У Алепа, Хомсе і Дамаску сотні маладых людзей прыйшлі на сустрэчы з прэфектам Дыкастэрыі па справах Усходніх Цэркваў. "Яны адчуваюць сябе, перш за ўсё, сірыйцамі і хочуць прыняць выклік пабудовы новай сацыяльнай тканіны”, - адзначыў іерарх.

Заклік да адзінства

Папскі пасланнік заклікаў прадстаўнікоў сірыйскіх Цэркваў выступаць адзіным голасам, нягледзячы на разнастайнасць іх традыцый, інстытутаў і іерархій, таму што ў адваротным выпадку “існуе рызыка стаць цалкам неістотнымі”. У працэсе пераходу да новага палітычнага ладу хрысціянскі голас павінен быць адзіным, - сцвердзіў кардынал Гуджэроці, які падчас падарожжа ў Сірыю сустракаўся таксама з кіраўнікамі праваслаўных Цэркваў. Ён падкрэсліў, што ў гэты далікатны момант у гісторыі краіны хрысціяне павінны адыграць ключавую ролю ў стварэнні шматграннай дзяржавы.

31 студзеня 2025, 11:14