ҽ

Кардынал Клаўдыё Гуджэроці ў студыі Pope Кардынал Клаўдыё Гуджэроці ў студыі Pope 

Кардынал Гуджэроці: настаў час салідарнасці, а не тэалагічных спрэчак

Прэфект Дыкастэрыі па справах Усходніх Цэркваў даў вялікае інтэрв’ю, у якім прадставіў пастырскі дапаможнік, прысвечаны Юбілею, а таксама паразважаў аб актуальных падзеях у свеце.

Марыя Валодзіна – Pope

12-14 мая 2025 года ў Касцёле будзе адзначацца Юбілей Усходніх Цэркваў. Ватыканская дыкастэрыя падрыхтавала дапаможнік, які знаёміць вернікаў з духоўнымі і культурнымі традыцыямі ўсходняга хрысціянства. Юбілей можа праліць святло на багацце гэтых традыцый, што асабліва важна ў час сур'ёзных выпрабаванняў для Цэркваў у такіх рэгіёнах, як Блізкі Усход, Украіна, Егіпет, Эфіопія, Эрытрэя.

Другая частка дапаможніка прысвечана гісторыі ўсходняга Рыма. З яе вынікае, што Рым пастаянна адчуваў прысутнасць усходніх супольнасцей, якія захоўвалі сваю ідэнтычнасць. Гэта тычылася не толькі Рымскай імперыі, але і Касцёла. “Чытача ўразіць, што адзінаццаць Пантыфікаў былі грэкамі, а каля дзесяці – сірыйцамі. Гэта не маргінальная прысутнасць. Рым, caput mundi, быў горадам, у якім выхадцы з Усходу былі добра інтэграванымі ў грамадства, а не проста невялікімі супольнасцямі эмігрантаў”, - падкрэсліў кардынал Гуджэроці.

Дапаможнік адрасаваны не толькі ўсходнім хрысціянам, але і Захаду. Яго мэта — пазнаёміць са старажытнымі хрысціянскімі традыцыямі, якія ўзыходзяць да часоў Хрыста, але застаюцца амаль невядомымі на Захадзе. З іх складаецца адзінства ў разнастайнасці. Адзінства хрысціянства не маналітнае, (мы бачылі гэта на нядаўнім Сінодзе), а складаецца з розных форм і рэчаіснасцей, - нагадаў прэфект.

Іерарх параўнаў Захад з "групай старых дам, якія граюць у брыдж на востраве, акружаным кайманамі", маючы на ўвазе тое, што заходнія грамадствы прывыклі жыць зручна, у адносным камфорце і без войнаў, але гэта становішча можа змяніцца. Францішак называе цяперашнюю сітуацыю "фрагментарнай вайной". “Гэтыя кавалкі, фрагменты, могуць скласціся вельмі лёгка”, - папярэдзіў ён.

Кардынал Гуджэроці звярнуў увагу на сучасны "свецкі месіянізм", калі людзі спадзяюцца на палітычныя або сацыяльныя паляпшэнні, якія можа прынесці, напрыклад, змена ўлады ў ЗША. “Мы як быццам кажам: павінна адбыцца нешта добрае, таму што горш за гэтае ўжо не можа быць", - сказаў ён, нагадваючы, што сапраўдная надзея для хрысціян грунтуецца не на палітычных падзеях, а на веры і адзінстве. Заходнія католікі не павінны пакідаць усходніх хрысціян – ні католікаў, ні праваслаўных. Адзінае хрысціянства, укаранёнае ў Хрысце, павінна пераадольваць падзелы. “Хрысціянства – адно”, - сцвердзіў іерарх.

Прэфект паразважаў пра значэнне ўсходняй і заходняй манаскіх традыцый у кантэксце Юбілею. Абедзьве традыцыі звязаны з пошукам Бога, што робіць іх блізкімі: “яны выдатна разумеюць адно аднаго”. Юбілейны пілігрым – гэта таксама той, хто шукае Бога. Юбілей – гэта час духоўнага пошуку не толькі для вернікаў, але і для тых, хто не звязвае сябе з канкрэтнай рэлігійнай канфесіяй. Іерарх параўнаў гэтую падзею з рэакцыяй на смерць Яна Паўла II, калі на пахаванне прыйшлі шматлікія людзі, якія не практыкуюць веру. “Тое ж самае павінна адбыцца і з праходжаннем праз Святую Браму”, таму што нам усім патрэбна прабачэнне”, - сказаў ён.

Адказваючы на пытанне пра еднасць хрысціян, кардынал Гуджэроці падкрэсліў, што ў цяперашні час няма месца для тэалагічных спрэчак і падзелаў. Патрэбныя салідарнасць і ўзаемнае прабачэнне паміж хрысціянамі розных традыцый, у тым ліку католікамі ўсходняга абраду і праваслаўнымі. Іерарх заклікаў хрысціян аб’яднацца ў барацьбе за выжыванне і ў сведчанні веры, як гэта калісьці рабілі вернікі ў сталінскіх лагерах.

У дапаможніку прадстаўлены маршруты, па якіх пілігрымы могуць прайсці, каб знайсці сляды ўсходняй прысутнасці ў Рыме. У першым тысячагоддзі тут было пабудавана шмат манастыроў і храмаў для ўсходніх хрысціян. Многія з іх з цягам часу перайшлі да католікаў, але рэшткі іх прысутнасці ўсё яшчэ можна знайсці ў Рыме. Акрамя таго, у Вечным горадзе дзейнічаюць калегіумы, у якіх вучацца ўсходнія семінарысты (румыны, украінцы, грэкі, армяне, сіра-малабарцы, сіра-маланкарцы, мараніты і іншыя). Дзейнічае спецыяльны калегіум для сясцёр, таксама як і грэка-каталіцкія і праваслаўныя храмы.

Іерарх адзначыў, што Папы заўсёды адчувалі адказнасць за падтрымку хрысціянскіх супольнасцяў і праяўлялі вялікую ўвагу да пілігрымаў, якія прыязджалі ў Рым. Для размяшчэння ўсходніх пілігрымаў, якія часта былі вельмі беднымі, нават будавалі спецыяльныя дамы. “Спадзяемся, што і гэты Юбілей прывядзе ў Рым не толькі багатых усходніх пілігрымаў”, - сказаў кардынал Гуджэроці, заахвочваючы рымлян падыходзіць да груп пілігрымаў з Усходу, каб праявіць гасціннасць і прывітаць іх.

Кардынал Гуджэроці падчас інтэрв'ю Pope
Кардынал Гуджэроці падчас інтэрв'ю Pope
22 студзеня 2025, 12:05