Ватыканская бібліятэка: выстава пра кругасветныя падарожжы
Аляксандр Амяльчэня - Pope
Выстава EN ROUTE – гэта ўнікальны дыялог паміж гістарычнай спадчынай і сучасным мастацтвам. Асноўная яе тэма – кругасветныя падарожжы, натхнёныя творам Жуля Верна, якія сталі магчымымі дзякуючы развіццю транспарту ў канцы XIX стагоддзя.
Асаблівая ўвага надаецца гісторыям шасці адважных жанчын-падарожніц: Нэлі Блай, Элізабет Бісланд, Эні Лондандэры, Гертруды Бэл, Агнес Сміт Льюіс і Маргарэт Данлоп Гібсан. "Гэтыя жанчыны не проста падарожнічалі, яны змянялі грамадскае ўспрыманне жаночай ролі ў свеце", - падкрэсліла Марыя Грацыя К'юры, мастацкая дырэктарка жаночых калекцый Dior.
Выстава таксама прадставіць унікальную калекцыю газет з розных куткоў свету, якія належалі італьянскаму дыпламату Чэзарэ Пома, і распавядзе пра незвычайнае падарожжа французскіх журналістаў Люсьена Леруа і Анры Папіё, якія здзейснілі кругасветнае падарожжа без грошай у 1895-1897 гадах.
У ватыканскай прэзентацыі возьмуць удзел арцыбіскуп Анджэла Вінчэнца Дзані, архівіст і бібліятэкар Святога Рымскага Касцёла, ксёндз Джакама Кардыналі, камісар выставачнай залы Ватыканскай Апостальскай Бібліятэкі.
Сярод удзельнікаў мерапрыемства таксама будуць прысутнічаць вядомыя дзеячы мастацтва і культуры: Ларэнца Джаваноці Керубіні, Марыя Грацыя К'юры – мастацкая дырэктарка жаночых калекцый Dior, Карышма Свалі – крэатыўная дырэктарка Школы рамёстваў Чанакья (Chanakya School of Craft), і Крысціяна С. Уільямс – ілюстратарка і графічная мастачка.
Наведаць выставу можна будзе на працягу ўсяго 2025 года па суботах, папярэдне зарэгістраваўшыся анлайн. Як паведамляе Зала Друку, прамая трансляцыя прэс-канферэнцыі будзе даступная на .