ҽ

Кардынал Дзяржсакратар П’етра Паралін Кардынал Дзяржсакратар П’етра Паралін 

Кардынал Паралін: глабальныя праблемы патрабуюць дыялогу

Вырашэнне глабальных праблем сённяшняга дня магчыма толькі дзякуючы адзінству і агульнаму падыходу, у адваротным выпадку мы рызыкуем пагоршыць праблемы замест таго, каб вырашаць іх, - падкрэсліў Кардынал-Дзяржсакратар П'етра Паралін.

Марыя Валодзіна - Pope

15 лістапада 2024 года іерарх прыняў удзел у мерапрыемстве, прысвечаным дзейнасці місіянера Матэа Рычы, якое прайшло ў Папскім Грыгарыянскім універсітэце. У кулуарах канферэнцыі ён адказаў на пытанні журналістаў.

Урок Матэа Рычы

Кардынал Паралін засяродзіў увагу на спадчыне айца Матэа Рычы, італьянскага езуіта XVII стагоддзя, які спрыяў наладжванню дыялогу паміж Захадам і Кітаем, а таксама пра ягоны ўплыў на сучасныя адносіны Святога Пасада з Кітаем. Рычы прадэманстраваў, што няма супярэчнасці паміж тым, каб быць адначасова і кітайцам, і хрысціянінам, - падкрэсліў кардынал Паралін. “Таму гэта вялікае вучэнне Матэа Рычы працягвае натхняць нас і сёння", - дадаў ён.

Дзяржсакратар згадаў пра нядаўнія поспехі ў дыялогу паміж Святым Пасадам і Кітаем, напрыклад, падаўжэнне часовага пагаднення на чатыры гады і ўдзел кітайскіх біскупаў у Сінодзе. Гэта важныя, хоць і невялікія, крокі да лепшага разумення і супрацоўніцтва. Асноўнымі прынцыпамі працы ў напрамку паляпшэння адносін з Кітаем Паралін назваў "цярпенне і адвагу".

Дыялог ЗША-Кітай

На словы аднаго з журналістаў аб тым, што адміністрацыя ЗША на чале з Дональдам Трампам, здаецца, не мае намеру наладжваць дыялог з Кітаем, кардынал Паралін адзначыў, што Святы Пасад “кіруецца пэўнымі прынцыпамі і прытрымліваецца свайго шляху. Цяжка сказаць, што павінны рабіць іншыя...”. Іерарх падкрэсліў, што для Святога Пасада дыялог застаецца фундаментальным прынцыпам. Ён нагадаў пра дзейнасць кардынала Сільвестрыні ў імя міру і дыялогу, падкрэсліўшы, што “адзіны спосаб прадухілення і вырашэння канфліктаў – гэта прамое ўзаемадзеянне і адкрытае абмеркаванне”.

Будаваць масты міру

Кардынал Паралін падкрэсліў значэнне цярпення, сціпласці і добрай волі для наладжвання дыялогу і ўзаемаразумення. Ён адзначае, што "чароўных рашэнняў" не існуе, але пры правільным падыходзе можна дасягнуць сапраўднага ўзаемадзеяння і будаваць масты, а не муры. Ён выказаў надзею на супрацоўніцтва ў гэтым кірунку не толькі з адміністрацыяй Трампа, але і з любым іншым урадам. Дзяржсакратар нагадаў пра важнасць глабальнага супрацоўніцтва, бо сучасныя праблемы маюць глабальны характар і патрабуюць глабальных адказаў і аб'яднаных рэсурсаў для іх вырашэння.

Аднавіць давер

Кардынал Паралін падкрэсліў, што Святы Пасад заўсёды будзе выступаць за дыялог, як адзіны шлях для прасоўвання наперад, "калі паміж бакамі ёсць хаця б мінімальны давер”. "Я асабіста пераканаўся ў гэтым у сувязі з вайной ва Украіне: узаемнага даверу няма. Мы ўсе пакліканыя нешта рабіць", - сказаў ён, маючы на ўвазе аднаўленне даверу.

У гэтым кантэксце Дзяржсакратар нагадаў пра кардынала Сільвестрыні, які нават ва ўмовах вайны захоўваў "вялікі давер да людзей" і ўмеў “бачыць тое добрае, чаго не ўбачыў бы павярхоўны погляд”. Гэты ўрок застаецца актуальным і неабходным і сёння.

COP29 у Баку

Паралін таксама падкрэсліў важнасць дыялогу ў сувязі з кліматычным самітам COP29, які праходзіць у Баку. "Існуе агульнае ўсведамленне тэрміновасці вырашэння праблемы змены клімату, але значна большая – павольнасць у прыняцці канкрэтных мер для рэалізацыі рашэнняў", - адзначыў ён. "Галоўнай тэмай гэтай канферэнцыі будзе кіраванне фондам па змякчэнні наступстваў змены клімату”. Гэты фонд быў створаны на папярэдняй канферэнцыі ў Дубаі, але яго фінансаванне дагэтуль застаецца недастатковым. Краіны неабходна матываваць да больш актыўнага ўдзелу ў фондзе.

Францішак надае вялікую ўвагу праблеме клімату, пра што сведчаць яго дакументы на гэтую тэму. Бліжэйшы супрацоўнік Папы адзначыў, што ўнёсак Святога Пасада не тэхнічны, а маральны, бо праблема змены клімату з'яўляецца этычнай і маральнай, а не толькі тэхнічнай. Акрамя таго, Святы Пасад робіць акцэнт на адукацыі і неабходнасці змены стылю жыцця, што складана, бо “ніхто з нас не любіць ісці на ахвяры”, - заўважыў Дзяржсакратар.

15 лістапада 2024, 16:15