Заключны этап Сінода: кардынал Грэк пра еднасць і слуханне Духа
Аляксандр Панчанка - Pope
Гамілію падчас літургіі прамовіў кардынал Марыё Грэк, Генеральны сакратар Сінода Біскупаў. Ён спаслаўся на евангельскі ўрывак, у якім да Езуса звярнуўся чалавек з просьбай дапамагчы яму атрымаць частку сваёй спадчыны. Але Хрыстус заклікае яго сцерагчыся ўсялякай прагнасці, падкрэсліваючы, што яна з’яўляецца крыніцай падзелаў.
“Для Яго ідэал не ў тым, каб раздзяліць спадчыну, а ў тым, каб захаваць яе ў цэласнасці, сумесна распараджаючыся ёй. Езус адмаўляецца раздзяляць, а заклікае людзей шукаць адзінства, бо коранем падзелаў Ён называе прагнасць і імкненне да валодання”, - нагадаў іерарх, заклікаючы ўдзельнікаў Сінода таксама шукаць не падзелаў, а еднасці.
Разважаючы над евангельскай прыпавесцю пра багацея, які хацеў назапасіць свае даброты ў вялікіх засекі, іерарх звярнуў увагу на тое, што ў жыцці кожнага чалавека ўзнікае спакуса жыць толькі тым, што ўжо дасягнута, а не шукаць новых шляхоў развіцця і новых рашэнняў.
“Мы таксама можам задаволіцца і не шукаць новых шляхоў памнажэння нашага ўраджаю; мы таксама можам сутыкнуцца з рызыкай застацца закрытымі ў вядомых межах, не працягваючы пашыраць прастору нашай скініі, да чаго заклікае нас прарок Ісая: “Пашыр месца тваёй скініі, расцягні палотны твайго шатра, не саромейся, падоўж свае шнуры, умацуй калкі свае!” (Іс 54,2). Таксама і мы рызыкуем жыць на рэнту”, - папярэдзіў кардынал Грэк, адзначаючы, што “разуменне праўды і пастырскія рашэнні” працягваюць патрабаваць паглыблення і развіцця.
На думку іерарха, каб пазбегнуць спакусы “жыцця на рэнту”, трэба быць уважлівымі да Святога Духа, бо “толькі Ён можа дазволіць заставацца адкрытымі на навіну Бога”. Кардынал нагадаў словы Папы Францішка пра тое, што Сінод – “гэта не парламент” і “не апытанне грамадскай думкі”, а духоўны працэс, у якім галоўная роля належыць менавіта Святому Духу.
“Чалавек з прыпавесці слухаў толькі сябе, размаўляў з самім сабой. Мы ж – паасобна і ў супольнасці, як у няспыннай Пяцідзясятніцы – павінны “весці дыялог” са Святым Духам, дазваляць Яму асвясціць нас”, - падкрэсліў Генеральны сакратар Сінода, нагадваючы, што слуханне Святога Духа дапаможа вызначаць новыя шляхі і працягваць шлях як “пілігрымам надзеі”. “Калі будзем слухаць голас Духа, завяршэнне гэтай сінадальнай Асамблеі будзе не канцом чагосьці, а пачаткам новага этапу, каб “Божае слова пашыралася і праслаўлялася”, - запэўніў кардынал Марыё Грэк.