Святы 2025 год: упершыню ў Рыме “Белае ўкрыжаванне” Шагала
Аляксандр Панчанка – Pope
Пра культурную праграму Юбілею паведаміў журналістам, якія сабраліся 28 кастрычніка 2024 года ў Зале Друку Апостальскай Сталіцы, арцыбіскуп Рына Фізікела, прапрэфект Дыкастэрыі па евангелізацыі.
Два музычныя мерапрыемствы
Іерарх расказаў, што 3 лістапада 2024 года ў рымскім Auditorium della Conciliazione пройдзе канцэрт, падчас якога аркестр італьянскай Нацыянальнай акадэміі святой Цэцыліі выканае 5-ю сімфонію Дзмітрыя Шастаковіча. Дырыжыраваць будзе Ядэр Бен’яміні, музычны кіраўнік Дэтройцкага сімфанічнага аркестру,
“Сімфонія, напісаная ў 1937 годзе, магчыма, не вельмі вядомая шырокай публіцы, але яна ўражвае сваёй моцнай драматычнасцю і адкрывае на гарызонт надзеі”, - падкрэсліў ватыканскі іерарх.
Другое музычнае мерапрыемства пройдзе 22 снежня ў рымскім касцёле святога Ігнацыя Лаёлы. Падчас яго хор Папскай музычнай сікстынскай капэлы пад кіраўніцтвам ксяндза Маркаса Павана выканае паліфанічныя кампазіцыі Джавані П’ерлуіджы да Палестрыны (500-годдзе з дня нараджэння якога будзе адзначацца ў 2025 годзе), а таксама Ларэнца Перозі і Даменіка Барталучы. Канцэрт стане момантам духоўнай падрыхтоўкі да адкрыцця Юбілею, якое Папа ўрачыста здзейсніць 24 снежня.
Выставы Шагала, ікон і 100 батлеек
У рамках Юбілею ў Рыме пройдзе тры важныя выставы. На першай з іх будзе выстаўлена карціна Марка Шагала Белае ўкрыжаванне, якую Папа Францішак у адным з інтэрв’ю назваў яго любімым мастацкім творам. Шэдэўр будзе дастаўлены ў Рым з Чыкагскага інстытута мастацтва на вельмі кароткі час: ён будзе экспанавацца з 27 лістапада 2024 года па 27 студзеня 2025 года ў новым выставачным зале Палаца Чыпола ў Рыме. Уваход на выставу будзе вольным. Знакаміты твор Шагала ўпершыню прыбудзе ў Італію, таму чакаецца, што пазнаёміцца з ім прыйдзе вялікае мноства людзей.
“На карціне намаляваны пакуты яўрэяў і Езуса”, - растлумачыў падчас ватыканскай прэс-канферэнцыі Давідэ Мамбрыяні, адказны за культурныя мерапрыемствы падчас Святога года. “Белае ўкрыжаванне – адно з самых магутных візуальных асуджэнняў вайны і нянавісці ў XX стагоддзі, і яго пасланне па-ранейшаму актуальнае”, - дадаў эксперт.
Другой значнай падзеяй стане выстава рэдкіх ікон з калекцыі Ватыканскіх музеяў, якая пройдзе ў сакрыстыі касцёла святой Агнешкі на рымскай Плошчы Навона з 16 снежня 2024 года па 16 лютага 2025 года.
Трэцяя юбілейная выстава – традыцыйная 100 батлеек у Ватыкане. Яна пройдзе з 8 снежня 2024 года па 6 студзеня 2025 года пад каланадай Берніні на плошчы святога Пятра. Сёлетнім галоўным партнёрам ініцыятывы будзе горад Рым, які на працягу бліжэйшых дванаццаці месяцаў апынецца ў цэнтры ўвагі ўсяго Касцёла.
Святы Пасад да EXPO-2025
Арцыбіскуп Фізікела расказаў таксама, што Апостальская Сталіца прыме ўдзел у Сусветнай выставе EXPO-2025 у Осацы (Японія). Павільён Святога Пасаду размесціцца ўнутры павільёна Італіі. Яго назва: Прыгажосць нясе надзею. Святы Айцец выказаў асабістае пажаданне, каб на гэтай выставе Апостальская Сталіца прадставіла карціну Палажэнне ў труну Караваджа, якая захоўвацца ў Ватыканскіх музеях.
Прапрэфект Дыкастэрыі па евангелізацыі прэзентаваў журналістам лагатып павільёну Святога Пасаду: гэта выява купалу базілікі святога Пятра на фоне чырвонага ўзыходзячага сонца, што сімвалізуе прыйсце Хрыста, святла і адкуплення свету, і сонца дзяржаўнага флага Японіі. У ніжняй частцы лагатыпу змешчана чорная лінія, якая нагадвае пра тэхніку традыцыйнага японскага жывапісу сумі-э.
Маскот Юбілейнага года
Ватыканскі іерарх пазнаёміў прадстаўнікоў СМІ з афіцыйным маскотам Юбілею – Лючэ (з італьянскай мовы: Святло), створаным з жадання прысутнічаць таксама ўнутры поп-культуру, якую вельмі любіць моладзь. Сімвал быў распрацаваны італьянскім мастаком Сімонэ Леньё. Маскот уяўляе сабой пілігрыма ў жоўтым дажджавіку і ботах, запэцканых зямлёй на пройдзеных шляхах, з місіянерскім крыжыкам на шыі, пілігрымскім посахам і ззяючымі вачыма, сімвалам надзеі ў сэрцы.