ҽ

Ватыканскі стэнд на Міжнародным кніжным кірмашы ў Франкфурце (2019 год) Ватыканскі стэнд на Міжнародным кніжным кірмашы ў Франкфурце (2019 год) 

Ватыканскае выдавецтва на Франкфурцкім кніжным кірмашы

На Міжнародным кніжным кірмашы ў Франкфурце Ватыканскае выдавецтва LEV прэзентуе навінкі аўтарства Папы Францішка, раней не публікаваныя казанні Бэнэдыкта XVI, кнігі пра духоўнасць і веру.

Марыя Валодзіна - Pope

У рамках падрыхтоўцы да Юбілею 2025 года асаблівы акцэнт ватыканскага стэнда будзе зроблены на тэме надзеі. Сярод галоўных навінак – афіцыйны тэкст папскай булы Spes non confundit (Надзея не расчаруе), якой Папа абвясціў Святы 2025 год. У ім падкрэсліваецца важнасць адраджэння хрысціянскай цноты надзеі ў сучасным свеце.

Таксама будуць прадстаўлены дзве кнігі Францішка: Надзея – гэта святло ўначы. Разважанні пра пакорную цноту (La speranza è una luce nella notte. Meditazioni sulla virtù umile), у якой надзея разглядаецца як сродак пераадолення цемры зла, і Вера – гэта падарожжа. Разважанні для вандроўнікаў і пілігрымаў (La fede è un viaggio. Meditazioni per viandanti e pellegrini) аб тым, што вера – гэта шлях духоўнага росту чалавека.

Сярод іншых прапаноў LEV у Франкфурце – кніга кардынала Марчэла Сэмерара Спадарожнікі надзеі. Гісторыі сведак, здольных бачыць будучыню (Compagni di speranza. Storie di testimoni capaci di futuro). Яна распавядае гісторыі жыцця і святасці Мадлен Дэльбрэль, благаслаўлёнага Франца Ягерштэтэра і кардынала Франсуа-Ксаўе Нгуена Ван-Тхуана. Таксама будзе прадстаўлена анталогія Надзея для ўсіх. Чалавечыя словы пра надзею (Sperare per tutti. Parole umane sulla speranza) арцыбіскупа Рына Фізікелы, адказнага за Юбілей-2025.

Асаблівае месца займае кніга-расследаванне журналіста Франчэска Каміны Лязо і крыж. Гісторыі католікаў, якія супрацьстаялі Гітлеру. (La lama e la croce. Storie di cattolici che si opposero a Hitler), якая знаёміць чытачоў з гісторыямі католікаў-антынацыстаў.

Яшчэ адна цікавая навінка, якая будзе прадстаўлена ў Франкфурце – кніга Папы Францішка Літаратура, на мой погляд. (La letteratura, secondo me), якая знаёміць з думкамі Пантыфіка пра ролю паэзіі і прозы ў духоўным развіцці чалавека.

Наведвальнікі кірмашу атрымаюць магчымасць пазнаёміцца з унікальным зборнікам непублічных казанняў Бэнэдыкта XVI Пан трымае нас за руку. Адвэнт, Вялікі пост, Вялікдзень. Неапублікаваныя гаміліі. (Il Signore ci tiene per mano. Avvento, Quaresima, Pasqua. Omelie inedite). Гаворка ідзе пра глыбокія разважанні, якімі Бэнэдыкт XVI дзяліўся ў вузкім коле ў гады свайго пантыфікату і ў першыя гады пасля сыходу.

Разам з кнігай Францішка Малітвы да Марыі (Preghiere a Maria) LEV прывезе на кірмаш дзве кнігі, прысвечаныя адной з галоўных тэм сённяшняга Каталіцкага Касцёла – сінадальнасці. Гаворка ідзе пра кнігу дамініканіна Цімаці Рэдкліфа Слухайце яго! (Ascoltatelo!) і зборнік Памяць стварае будучыню (La memoria genera futuro) бэнэдыктынкі Марыі Ігнацыі Анджэліні. Абедзве кнігі з'яўляюцца вынікам рэкалекцый, якія прайшлі ў Ватыкане падчас першай сесіі Сінода Біскупаў па сінадальнасці ў кастрычніку 2023 года.

Таксама на кірмашы будуць прадстаўлены важныя дакументы Святога Пасада, напрыклад, нота Каралева супакою (La regina della pace) аб духоўным досведзе ў Меджугор’і, падпісаная кардыналам Віктарам Мануэлем Фернандэсам, прэфектам Дыкастэрыі веравучэння, а таксама кніга Добры альянс. Навука і вера ў абарону нашага агульнага дому (La buona alleanza. Scienza e fede a difesa della casa comune) Вінчэнца Бальцані і Эрыё Кастэлучы.

Нарэшце, чытачам прапануюць кнігу Хрысціянін у камеры смяротнікаў (Un cristiano nel braccio della morte) Дэйла Рэчынэлы. Яна распавядае гісторыю былога адваката з Уол-стрыт, які суправаджаў у духоўнае падарожжа асуджаных да смяротнага пакарання ў Фларыдзе. Прадмову да гэтага твора напісаў Святы Айцец.

Франкфурцкі кніжны кірмаш пройдзе з 16 па 20 кастрычніка 2024 года.

09 кастрычніка 2024, 11:23