ҽ

Лагатып Юбілею 2025 года Лагатып Юбілею 2025 года 

Святы Пасад прадставіць маскот Юбілею-2025 на фестывалі коміксаў

Апостальская Сталіца прыме ўдзел у міжнародным Фестывалі коміксаў і відэагульняў Lucca Comics & Games, які пройдзе ў італьянскім горадзе Люка. На форуме адбудзецца прэзентацыя афіцыйнага маскоту Юбілею 2025 года.

Аляксандр Панчанка - Pope

“Дыкастэрыя Святога Пасаду ўпершыню будзе ўдзельнічае ў тасканскім фестывалі – самым значным у Еўропе кірмашы, прысвечаным коміксам, гульням, відэагульням, анімацыйным фільмам, фэнтэзі, ілюстрацыі і тэлевізійным серыялам”, - паведаміла 28 кастрычніка 2024 года Дыкастэрыя па евангелізацыі.

Арцыбіскуп Рына Фізікела, прапрэфект ватыканскага ведамства, заявіў, што ўдзел у форуме стане магчымасцю прадставіць афіцыйны маскот Юбілею – Лючэ (з італьянскай мовы: Святло), сімвал надзеі і братэрства, каштоўнасцяў, якія ідэальна адпавядаюць тэме фестывалю.

Падчас прэс-канферэнцыі ў Зале Друку Апостальскай Сталіцы іерарх расказаў, што Лючэ быў створаны з жадання прысутнічаць таксама ўнутры поп-культуру, якую вельмі любіць моладзь. Ён быў распрацаваны італьянскім мастаком Сімонэ Леньё. Маскот уяўляе сабой пілігрыма ў жоўтым дажджавіку і ботах, запэцканых зямлёй на пройдзеных шляхах, з місіянерскім крыжыкам на шыі, пілігрымскім посахам і ззяючымі вачыма, сімвалам надзеі ў сэрцы.

Aфіцыйны маскот Юбілею 2025 года
Aфіцыйны маскот Юбілею 2025 года

“Мы лічым, што такая выстава, як Lucca Comics & Games, дазволіць нам паразмаўляць з маладымі пакаленнямі на тэму надзеі, якая займае цэнтральнае месца ў евангельскім пасланні”, - дадаў арцыбіскуп Фізікела.

Павільён Апостальскай Сталіцы на фестывалі Lucca Comics & Games будзе называцца Лючэ і сябры (Luce & Friends). Ён размесціцца ў Арцыбіскупскім палацы Люкі і будзе адкрыты з 30 кастрычніка па 3 лістапада 2024 года. Наведвальнікі павільёну атрымаюць не толькі магчымасць пазнаёміцца з першым маскотам у гісторыі касцёльных Юбілеяў, але таксама атрымаць інфармацыю пра мерапрыемствы, якія адбудуцца ў рамках Святога года ў Рыме.
 

28 кастрычніка 2024, 11:33