Олерыш: з цягам часу католікі ўбачаць Касцёл, які цэніць іх
Марыя Валодзіна - Pope
На яго думку, вынікі Генеральнай Асамблеі могуць паўплываць на штодзённае жыццё католікаў ва ўсім свеце: з цягам часу яны ўбачаць Касцёл, для якога яны маюць значэнне, які цэніць іх таленты, дары, жыццёвы досвед, бо яны належаць да ахрышчанага народа Божага.
“Навізна Сінода ў тым, што гэта працэс”, - адзначыў іерарх. Гэты працэс распачаўся ў 2021 годзе, асамблеі 2023 і 2024 гадоў былі яго важнымі этапамі. Працэс працягнецца і пасля заканчэння XVI Генеральнай Асамблеі Сінода Біскупаў. Яго вынікі перадалі на разгляд і распазнаванне Святому Айцу, а той накіраваў іх усяму Касцёлу, мясцовым супольнасцям.
Адказваючы на пытанне пра ўплыў Сінода на штодзённае жыццё католікаў, кардынал Олерыш сказаў: "Верагодна, яны не ўбачаць імгненных змен, бо змены патрабуюць часу, і Святому Духу патрабуецца час, бо Ён павінен навярнуць нашы сэрцы. Звычайна час неабходны, бо мы супраціўляемся. Але з часам яны ўбачаць Касцёл, у якім яны маюць значэнне, для якога яны важныя, які цэніць іх таленты, дары, жыццёвы досвед, бо яны належаць да народа ахрышчаных. Яны належаць да святога народа Божага і праз хрост і канфірмацыю атрымалі місію. Гэтую місію мы выконваем усе разам як Касцёл, мясцовая супольнасць, парафія, дыяцэзія і гэтак далей."
“Я з радасцю і гонарам удзельнічаў у гэтым Сінодзе, і я жадаю, каб кожны мог атрымаць такі ж станоўчы досвед сінадальнасці, які атрымаў я”, - заўважыў напрыканцы інтэрв'ю кардынал Олерыш.