Кардынал Олерыш: дыялог культур – умова каталіцкасці Касцёла
Аляксандр Панчанка - Pope
Другая сесія XVI Звычайнай Генеральнай Асамблеі Сінода Біскупаў, прысвечаная сінадальнасці, не з’яўляецца ні паўтарэннем, ні працягам першай. “У параўнанні з дыскусіямі, якія прайшлі год таму, важна зрабіць крок наперад”, - сказаў арцыбіскуп Люксембурга, дадаючы, што “гэта тое, чаго Божы народ чакае ад сінадальнага сходу”.
Кардынал Олерыш адзначыў, што мэтай першай сесіі Сінода аб сінадальнасці было ўзаемнае знаёмства паміж яе ўдзельнікамі, асабліва паміж прадстаўнікамі Касцёла з розных частак свету, а таксама ацэнка сітуацыі ў розных рэгіёнах планеты.
На яго думку, гэты, часам нялёгкі шлях дазволіў выявіць шматлікія адметнасці, якія існуюць у Касцёле, і “прызнаць іх як багацце і Божы дар”. Яны “не павінны застацца ў скрынцы, але ўвайсці ў кола абмену дарамі, які сілкуе супольнасць Касцёла ў цэлым”, - падкрэсліў Генеральны рэлятар Асамблеі, заўважаючы, што падчас другой сесіі Сінода будзе вызначацца напрамак, у якім павінен ісці сінадальны Касцёл.
Арцыбіскуп Люксембурга надаў асаблівую ўвагу дзесяці групам, якія Францішак стварыў у лютым 2024 года для паглыбленага вывучэння некаторых важных тэалагічных, душпастырскіх і кананічных пытанняў. Паводле яго слоў, са стварэння гэтых груп пачалася рэалізацыя рэкамендацый Сінода. “Гэтыя групы не толькі нашы суразмоўцы, але і першыя канкрэтныя плёны нашай працы”, - падкрэсліў ён.
Іерарх нагадаў, што згодна з воляй Папы, у склад даследчых груп уваходзяць прадстаўнікі Рымскай курыі, а таксама душпастыры і эксперты з розных краін свету: мужчыны і жанчыны, святары, кансэкраваныя асобы і свецкія вернікі. Гэтыя групы з’яўляюцца “сапраўднымі лабараторыямі сінадальнасці”, - дадаў Генеральны рэлятар XVI Звычайнай Асамблеі Сінода Біскупаў.