Олерыш: дапаможам Папу зрабіць яго служэнне больш плённым
Аляксандр Панчанка - Pope
15 кастрычніка 2024 года на Сінодзе выступіў Генеральны рэлятар Асамблеі, кардынал Жан-Клод Олерыш. У сваім уводным дакладзе да чацвёртага модуля Instrumentum laboris, ён акрэсліў галоўныя тэмы, над якімі ўдзельнікі сінадальнага сходу будуць разважаць у бліжэйшыя дні.
У першую чаргу іерарх заўважыў, што “Касцёл немагчыма зразумець без укаранення ў месцы і культуру”, аднак сёння гэта ўкаранёнасць выходзіць за рамкі геаграфічных меж, а ўключае ў сябе сетку адносін, у тым ліку ў лічбавым асяроддзі.
“Што гэта значыць для спаўнення нашай місіі абвяшчэння Евангелля? Якім чынам мы павінны пераасэнсаваць нашы ўстановы “ў логіцы служэння місіі”, якая выконваецца ў іншым кантэксце, чым у мінулым? Якія інстытуцыйныя і арганізацыйныя формы патрабуюць змены і якой?”, - прапанаваў задумацца кардынал.
Арцыбіскуп Люксембурга адзначыў таксама, што ў бліжэйшыя дні ўдзельнікі Сінода павінны будуць паразважаць над тэмай узаемаадносін паміж мясцовымі Касцёламі і ўнутры мясцовых Касцёлаў, у тым ліку паміж супольнасцямі розных абрадаў, каб узаемадзеянне на розных узроўнях служыла абмену дарамі і не пагражала еднасці.
Яшчэ адна тэма Рабочага дакумента, якая будзе абмяркоўвацца на Сінодзе, тычыцца служэння адзінству Касцёла, якое ажыццяўляе Папа, і якому павінны дапамагаць біскупы. “Святы Айцец паклікаў нас сюды, каб выслухаць нашы парады адносна таго, як зрабіць яго служэнне і служэнне Рымскай курыі больш эфектыўным у наш час. Ён мае права ведаць, што мы насамрэч думаем, пачынаючы ад жыцця і патрэб Божага народа ў тых месцах, адкуль мы паходзім”, - дадаў Генеральны рэлятар Сінода.