Катэдра святога Пятра будзе выстаўлена ў ватыканскай базіліцы
Аляксандр Панчанка - Pope
Старажытны драўляны трон, які з’яўляецца сімвалам прымата святога Пятра, на працягу многіх стагоддзяў ушаноўваўся як адна з галоўных рэліквій ватыканскай базілікі. Паводле гісторыкаў, у IX стагоддзі яго падарыў Папу Яну VIII кароль франкаў Карл Лысы. Некаторыя элементы трона могуць быць больш старажытнымі. Згодна з адной з гіпотэз, яны паходзяць з трону імператара Максіміяна Геркулія, які выкарыстоўваўся Пантыфікамі пачынаючы з IV стагоддзя.
На працягу бліжэйшых тыдняў рэліквія будзе выстаўлена перад галоўным папскім алтаром у ватыканскай базіліцы. Потым яна вернецца ў тое месца, у якім захоўваецца звычайна – усярэдзіну велічнай манументальнай скульптурнай кампазіцыі Джавані Ларэнца Берніні Катэдра святога Пятра, устаноўленай у абсідзе базілікі.
У сувязі з падрыхтоўкай да Юбілею 2025 года трон упершыню за 50 гадоў быў выняты з саркафагу, у які Берніні змясціў яго ў XVII стагоддзі. Падчас даследавання і рэнавацыі ён знаходзіўся ў сакрыстыі базілікі, дзе на пачатку кастрычніка яго агледзеў Папа.
Катэдра святога Пятра будзе выстаўлена для агляду пасля святой Імшы на заканчэнне XVI Звычайнай Генеральнай Асамблеі Сінода Біскупаў, якая пройдзе раніцай 27 кастрычніка ў Ватыкане. Падчас гэтай літургіі адбудзецца таксама ўрачыстае адкрыццё грандыёзнага бронзавага балдахіна, які Берніні стварыў над галоўным папскім алтаром і магілай святога Пятра. Яго рэстаўрацыя, прымеркаваная да Юбілейнага году, праводзілася на працягу апошніх дзевяці месяцаў.