Святы Пасад у ААН: паважаць міжнароднае гуманітарнае права
Марыя Валодзіна - Pope
Вайна – гэта заўсёды параза, - рашуча сцвердзіў арцыбіскуп Этарэ Балестрэра, выступаючы на 57-й чарговай сесіі Савета па правах чалавека, якая 11 верасня 2024 года прайшла ў Жэневе. Ён нагадаў, што “маральным компасам" павінна служыць Усеагульная дэкларацыя правоў чалавека.
Парушэнні міжнароднага гуманітарнага права працягваюць выклікаць пакуты, абвастраць гуманітарныя крызісы, падрываць вяршэнства закона і спрыяць беспакаранасці. У сувязі з ростам “дыскрымінацыі, пераследу і гвалту”, калі “многія рэлігійныя супольнасці, асабліва хрысціяне, становяцца мішэнню", прадстаўнік Святога Пасада заклікаў да "пашырэння бяспечных і легальных маршрутаў для бежанцаў і мігрантаў".
Дзяржавы абавязаны “спрыяць стварэнню асяроддзя, якое б садзейнічала свабодзе рэлігіі, веры і сумлення". Яны таксама павінны спрыяць чалавечаму братэрству, дыялогу і слуханню, асабліва тых, хто бяднейшы і найменш уплывовы, падкрэсліў іерарх.
Раней, 10 верасня 2024 года, арцыбіскуп Балестрэра прыняў удзел у 12-м пасяджэнні дзяржаў-удзельніц Канвенцыі па касетным боепрыпасам, выказаўшы заклапочанасць Святога Пасада ў сувязі з вытворчасцю, захоўваннем, перадачай і выкарыстаннем касетных боепрыпасаў ва ўзброеных канфліктах. Ён назваў дамовы аб раззбраенні "маральнымі абавязкамі перад цяперашнім і будучымі пакаленнямі".
Папскі дыпламат падкрэсліў важнасць Канвенцыі па касетным боепрыпасам, адзначаючы, што павага да міжнароднага права і пагадненняў аб раззбраенні – гэта не слабасць, а "высакародная крыніца сілы і адказнасці перад усім чалавецтвам". Ён выказаў глыбокую заклапочанасць у сувязі з выхадам дзяржаў-удзельніц Канвенцыі і заклікаў усе краіны далучыцца да гэтай дамовы, універсалізацыя якой павінна разглядацца як "юрыдычны абавязак".