Святы Пасад: ліквідацыя ядзернай зброі – маральны імператыў
Аляксандр Панчанка - Pope
Прадстаўнік Святога Пасаду прыняў удзел у пасяджэнні высокага ўзроўню Генеральнай Асамблеі ААН, прысвечаным Міжнароднаму дню дзеянняў супраць ядзерных выпрабаванняў, якое прайшло 4 верасня 2024 года ў Нью-Ёрку.
Іерарх нагадаў, што з пачатку ядзернай эры, пазначанага першым выпрабаваннем 16 ліпеня 1945 года, было праведзена больш за 2000 тысяч выпрабаванняў ядзернай зброі, якія аказалі значнае ўздзеянне на сушы, у акіянах, пад зямлёй і ў паветры: яны прывялі да перамяшчэння насельніцтва, забруджвання прадуктаў харчавання і вады, парушэння духоўнай сувязі з нашым агульным домам – Зямлёй, а таксама да праблем са здароўем розных пакаленняў. Ад негатыўных наступстваў, выкліканых гэтымі выпрабаваннямі, у найбольшай ступені пакутуюць карэнныя народы, жанчыны, дзеці і ненароджаныя, - падкрэсліў ён.
Прадстаўнік Святога Пасаду падкрэсліў неабходнасць умацавання глабальнай прыхільнасці спыненню гэтай небяспечнай практыкі, прыводзячы словы Папы Францішка пра тое, што “канчатковая мэта поўнай ліквідацыі ядзернай зброі становіцца адначасова як выклікам, так і маральна-гуманітарным імператывам.”. Ён нагадаў пра маральную адказнасць дзяржаў за аднаўленне жыцця людзей, якія пацярпелі ад ядзерных выпрабаванняў, а таксама за абарону навакольнага асяроддзя для будучых пакаленняў.
“Толькі сумеснымі намаганнямі можна пабудаваць свет, вольны ад ядзернай зброі. Гэта патрабуе міжнароднага супрацоўніцтва і прыхільнасці дамовам аб раззбраенні, а таксама забеспячэння рэсурсамі і падтрымкай грамадстваў, якія пацярпелі”, - адзначыў ён.
Арцыбіскуп Кача заўважыў, што для дасягнення гэтай амбіцыйнай мэты неабходна, каб выконвалася Дамова аб усеагульнай забароне ядзерных выпрабаванняў і каб Міжнародная сістэма маніторынгу і ўсе звязаныя з ёй механізмы кантролю былі цалкам рэалізаваны. “Акрамя таго, першаснае значэнне мае ўмацаванне забароны на ядзерныя выпрабаванні выбуховых рэчываў, як гэта прадугледжана Дамовай аб забароне ядзернай зброі”, - сказаў дыпламат.
“Ядзернае стрымліванне і пагроза ўзаемнага знішчэння не могуць быць падставай этыкі братэрства і мірнага суіснавання народаў і дзяржаў. Сённяшняя і заўтрашняя моладзь заслугоўвае значна большага. Яна заслугоўвае мірнага светапарадку, заснаванага на адзінстве чалавечай сям’і, на павазе, супрацоўніцтве, салідарнасці і спагадзе. Надышоў час супрацьпаставіць логіцы страху этыку адказнасці і тым самым садзейнічаць стварэнню атмасферы даверу і шчырага дыялогу”, - працытаваў словы Папы на заканчэнне сваёй прамовы арцыбіскуп Кача.