ҽ

Айцец Цімаці Рэдкліф Айцец Цімаці Рэдкліф 

Сінадальныя рэкалекцыі: з адвагай слухаць Бога і братоў

30 верасня 2024 года ўдзельнікі сінадальных духоўных практыкаванняў у Ватыкане пачулі дзве медытацыі, падрыхтаваныя айцом Цімаці Рэдкліфам, англійскім дамініканінам з кляштара ў Оксфардзе.

Аляксандр Панчанка - Pope

Першае разважанне было прысвечана тэме Уваскрасення як пошуку ў цемры. Прапаведнік заўважыў, што ў нашым “укрыжаваным свеце”, які з-за гвалту стаў яшчэ цямнейшым, чым год таму, Бог здаецца знік, асабліва на Захадзе. Прычынай гэтага стаў атэізм, рэлігійная абыякавасць і “скептыцызм, які атручвае нават сэрцы вернікаў”. Свет поўны слёз, - сказаў рэкалекцыяніст, згадваючы пра трагедыі на Блізкім Усходзе, ва Украіне, у Судане і М’янме.

Айцец Рэдкліф заўважыў, што, нягледзячы на цемру, варта памятаць пра прысутнасць Пана і чуць вокліч тых, хто пакутуе. У гэтым кантэксце ад удзельнікаў Сінода патрабуецца ўважлівае і цярплівае слуханне Бога і братоў. Важна з мужнасцю і павагай прыслухоўвацца да пытанняў іншых, бо толькі так можна знайсці “новы спосаб жыцця ў Духу”.

Законнік падкрэсліў, што пытанні маюць важнае значэнне і ў першую чаргу гаворка ідзе пра “самыя глыбокія пытанні нашых сэрцаў”, якія запрашаюць да новага жыцця і без якіх вера застаецца мёртвай.

Прапаведнік заахвоціў удзельнікаў Сінода не карыстацца ярлыкамі, а стаць адзін для аднаго людзьмі з імем і абліччам. “Гэты Сінод стане момантам ласкі, калі мы спагадліва паглядзім і ўбачым людзей, якія, як і мы, знаходзяцца ў пошуку”: убачым не прадстаўнікоў касцёльных партый, “жудасных кардыналаў кансерватараў” ці “страшэнных феміністак”, а спадарожнікаў у пошуку, бо “кожны шукальнік мае патрэбу ў іншым”, - сказаў англійскі дамініканін.

Ён падкрэсліў, што Сінод мае патрэбу ва ўкладзе ўсіх, нават тых, хто не падзяляе нашу веру, бо толькі адкрыўшыся на прагу бясконцасці, якую мае іншы, можна “спусціць на ваду човен місіі”.

Другую медытацыю на тэму Пакой, закрыты на ключ, айцец Рэдкліф прысвяціў тэме місіянерства. Да метафары закрытага пакою ён аднёс рэлятывізм, фундаменталізм, у тым ліку рэлігійны, матэрыялізм, нацыяналізм і іншыя з’явы, якія звужаюць светапогляд людзей. Вера, у сваю чаргу, адкрывае дзверы нашых сэрцаў і розумаў, падштурхоўваючы шукаць Таго, хто з’яўляецца бясконцай любоўю і ісцінай. Для гэтага трэба перамагчы страх і шчодра прапаведваць Евангелле, не баючыся рызыкі параніцца і давяраючы Пану.

На думку айца Рэдкліфа, ёсць і яшчэ адзін страх: яго адчуваюць тыя, хто мае “гарачую любоў да Касцёла” і, замкнуўшыся ў сваёй ментальнасці, баіцца яго пашкодзіць рэформамі, якія змяняюць традыцыі. Касцёл знаходзіцца ў руках Бога, а брамы пякельныя не перамогуць яго, - нагадаў дамініканін, заклікаючы пераадолець самалюбаванне і адмовіцца ад прывычнага і бяспечнага і адважыцца на пошук нязведанага.

Па словах прапаведніка, Сінод – гэта не месца перамоў аб структурных зменах: ён патрэбны, каб выбраць жыццё, навяртанне і прабачэнне, бо “Пан кліча нас выйсці па-за маленькія месцы, у якіх мы знайшлі прытулак і ў якіх зняволілі іншых”. Ён заклікаў да мужных дэбатаў, нагадваючы, што “ніякая нязгодна не зможа знішчыць наш спакой у Хрысце, бо ў Ім мы адно”.
 

30 верасня 2024, 14:30