Кардынал Грэк: Касцёл прыносіць плён, калі паслухмяны Духу
Аляксандр Панчанка - Pope
Генеральны сакратар Сінода Біскупаў падкрэсліў важнасць духоўнага вымярэння ў сінадальным працэсе, бо яго галоўнай дзеючай асобай з’яўляецца Святы Дух. Ён працытаваў словы Папы, які яшчэ ў 2021 годзе, казаў, што “без Духа не можа быць Сінода”.
Кардынал Грэк заўважыў, што рэкалекцыі – гэта не падрыхтоўка да Сінода, а яго неад’емная частка. “У гэтыя дні слухання Божага слова і малітвы, мы, як Майсей, які таксама быў пастаўлены на чале народу, здымаем з ног сандалі, пазбаўляемся ўсякага нашага супраціву голасу Святога Духа, каб быць здольнымі прайсці праз пустыню і крочыць разам з Божым народам да зямлі, абяцанай Богам. Без сустрэчы Майсея з Богам Айцоў на святой гары зыход да свабоды быў бы немагчымы. Давайце пазбавімся “шатаў”, падыходаў і схем, якія, магчыма, былі значнымі ўчора, але сёння сталі цяжарам для місіі і ставяць пад пагрозу пераканаўчасць Касцёла” - сказаў іерарх.
Генеральны сакратар Сінода заклікаў удзельнікаў сходу да ўважлівага слухання адзін аднаго і Пана. Ён заахвоціў скіраваць вочы да Панны Марыі, “сінадальнай жанчыны”, якая дае прыклад слухання і паслухмянасці Божай волі. Багародзіца вучыць нас таксама таму, што Касцёл – не справа нашых рук, а справа Бога, якая развіваецца, дзякуючы Яго ласцы. “Таксама і Касцёл з’яўляецца плённым, калі ўмее ставіць на першае месца дзейнасць Святога Духа ў сябе”, - дадаў ён.
“Давайце папросім аб заступніцтве Марыі, каб таксама і мы былі сёння, на сінадальнай Асамблеі, якую адкрываем, “добрай зямлёй”, у якой Божае слова можа прынесці багаты плод”, - сказаў кардынал Грэк.
Іерарх падкрэсліў, што кожны ўдзельнік Сінода атрымае ў падарунак ружанец, у якасці закліку маліцца на ім працягу Асамблеі, якая праходзіць у кастрычніку – месяцы, прысвечаным Багародзіцы. Ён падкрэсліў, што Ружанец запрашае нас паставіць у цэнтр Хрыста, нарадзіць Яго для свету, па прыкладзе Марыі. “З Ружанцам мы вучымся, як Марыя, быць вучнямі Пана”, - дадаў Генеральны сакратар Сінода Біскупаў.