Арцыбіскуп Палья: Касцёл асуджае эўтаназію і абараняе жыццё
Аляксандр Панчанка - Pope
8 жніўня 2024 года Францішак прыняў іерарха на прыватнай аўдыенцыі. Арцыбіскуп уручыў яму асобнік Малога лексікона аб заканчэнні жыцця (Piccolo Lessico del fine vita), які выйшаў у Ватыканскім выдавецтве на пачатку ліпеня. Даведнік утрымлівае на сваіх 88 старонках асноўныя палажэнні каталіцкага вучэння адносна тэм, звязаных з заканчэннем жыцця чалавека, сярод якіх эўтаназія, паліятыўная дапамога, крэмацыя і іншыя. Святы Айцец выказаў падзяку за працу, якую Папская акадэмія жыцця правяла для падрыхтоўкі выдання.
Кніга прыцягнула ўвагу італьянскіх СМІ, бо некаторыя ўбачылі ў ёй змену ў падыходзе Касцёла да гэтых тэм, у прыватнасці пэўнага роду “адкрыццё” Святога Пасаду на пытанне магчымасці прыпынення штучнага харчавання і гідратацыі хворых.
Арцыбіскуп Палья нагадаў, што яшчэ Пій ХІІ казаў пра дапушчальнасць прыпынення штучнай вентыляцыі лёгкіх пры пэўных сур’ёзных умовах, а ў 2007 годзе тагачасная Кангрэгацыя Веравучэння пацвердзіла, што яе магчыма перапыніць (або не распачынаць) калі гэта будзе прычыняць “празмерны цяжар або значны фізічны дыскамфорт” хвораму. Іерарх адзначыў, што адмаўленне ад неабгрунтаванай ці празмернай тэрапеўтычнай упартасці, аднак, не азначае адкрытасць на эўтаназію.
“Усякія формы эўтаназіі і асіставанага суіцыду абсалютна непрымальныя для Касцёла... Але Касцёл таксама запрашае задумацца над тым, што неабгрунтаваная ўпартасць (тэрапеўтычная ўпартасць) не з’яўляецца праявай сапраўднай медыцыны і клопату, які адпавядаюць патрэбам хворага і ідуць яму на карысць. Смерць, на жаль, з’яўляецца адным з аспектаў жыцця. Яна непазбежная. Вядома, мы ніколі не павінны скарачаць працягласць жыцця, але і не павінны быць упартымі ў тым, каб якім-небудзь чынам перашкаджаць яго плыні. Мы крохкія. Таму мы павінны клапаціцца адно пра аднаго. Мы павінны рабіць значна больш, чым звычайна, каб суправаджаць людзей на апошніх этапах іх існавання, ведаючы, што для нас, вернікаў, смерць – гэта не апошняе слова!”, - сказаў арцыбіскуп Палья.
Ватыканскі іерарх адзначыў, што ў палітыцы трэба шукаць як можна большай згоды па гэтых пытаннях, прымаючы да ўвагі таксама рэлігійныя пачуцці людзей. У гэтай галіне “Касцёл адказвае за фармаванне сумленняў, а не за распрацоўку законаў”, - дадаў старшыня Папскай акадэміі жыцця.