Галахер: Святы Пасад займае пазіцыю нейтральнага пасрэдніка
Марыя Валодзіна - Pope
12 ліпеня 2024 года арцыбіскуп Пол Рычард Галахер выступіў з lectio magistralis па гісторыі гэтага старажытнага горада, які знаходзіцца ў італьянскім рэгіёне Фрыўлі-Венецыя-Джулія. Тэма лекцыі: Aquileia Magistra Pacis – контрапункт дыпламатыі Святога Пасада. Дыпламат назваў Аквілею прыкладам "усеагульнага братэрства", і заклікаў сённяшнюю Еўропу працягваць натхняцца гэтым прыкладам талерантнасці і даверу паміж народамі.
Галахер нагадаў аб тым, што ватыканская дыпламатыя заўсёды імкнецца спрыяць міру ва ўсім свеце, выступаючы ў якасці нейтральнага суб'екта super partes (па-над бакамі). Святы Пасад цвёрда прыхільны спыненню бягучых канфліктаў: ад Украіны да Палесціны, Ізраіля, Азербайджана, М'янмы, Эфіопіі, Судана, Емена. Ён імкнецца аб'яднаць розныя ідэі, супрацьлеглыя палітычныя пазіцыі, рэлігійныя погляды і ідэалогіі, заклікае да выканання міжнародных нормаў і асноўных правоў чалавека, а таксама актывізуе гуманітарную дзейнасць. Канкрэтныя прыклады – садзейнічанне рэпатрыяцыі ўкраінскіх дзяцей і абмену ваеннапалоннымі паміж Расіяй і Украінай, а таксама вызвалення ізраільскіх закладнікаў у сектары Газа.
Касмапалітычны горад Аквілея, які знаходзіўся на “скрыжаванні народаў і ідэй" заўсёды спрыяў суіснаванню і дыялогу. У хрысціянскія часы горад адрозніваўся "сваім выключным пакліканнем да згоды народаў". З Аквілеі хрысціянства распаўсюджвалася "на суседнія землі, паступова ўступаючы ў кантакт з рознымі народамі і культурамі", аб'ядноўваючы іх і прыносячы плён "ва ўсіх абласцях думкі, духоўнасці і мастацтва", - сказаў іерарх.
Доўгая гісторыя Аквілеі, нягледзячы на глыбокія раны, нанесеныя нацыяналізмам, служыць урокам для сучаснай Еўропы, якая павінна працягваць натхняцца яе прыкладам усеагульнага братэрства, каб сеяць мір з цярпеннем і даверам. У сучасным міжнародным кантэксце, дзе ў якасці інструмента вырашэння спрэчак часта выкарыстоўваюць гвалт і зброю, дыпламатыя “імкнецца да выканання сваёй традыцыйнай пасрэдніцкай задачы”, - адзначыў прадстаўнік Святога Пасада.
Ён падкрэсліў, што папская дыпламатыя “дзейнічае як маральная сіла, пазбаўленая геапалітычных амбіцый”, але ўважлівая да чаканняў і патрэбаў самых уразлівых людзей. Святы Пасад імкнецца суправаджаць тых, хто прагне міру і прымірэння, спрыяючы дыялогу з усімі, “уключаючы тых суразмоўцаў, якія лічацца нязручнымі ці не маюць права весці перамовы". Папскі дыпламат здольны з пакорай і цярпеннем развязваць, здавалася б, непарыўныя вузлы.
На думку арцыбіскупа Галахера, урок Аквілеі быў ужыты і ў працэсе інтэграцыі Заходніх Балкан у Еўрапейскі Саюз. Змена палітычнай сістэмы ў гэтых краінах “пацягнула за сабой іншае стаўленне да рэлігіі і Каталіцкага Касцёла". Дыпламат нагадаў пра пагадненні, падпісаныя пачынаючы з 1996 года з дзяржавамі, народжанымі ў выніку распаду былой Югаславіі, назваўшы гэтыя дамовы "аўтарытэтнымі інструментамі рэагавання на этнічныя і канфесійныя антаганізмы, спароджаныя блізарукай канцэпцыяй нацыянальнасці". Ён падкрэсліў, што апостальскія падарожжы Францішка ў гэты рэгіён “яшчэ больш узмацнілі блізкасць і падтрымку Святога Пасада".
Нарэшце, арцыбіскуп Галахер закрануў пытанне міграцыйнага крызісу на заходнебалканскім маршруце, заклікаўшы задумацца пра тысячы людзей, якія ратуюцца ад пераследаў, войнаў, канфліктаў і пакут, а таксама аб магчымасцях для росту больш інклюзіўнага грамадства. “Закрыццё і ізаляцыя ствараюць задушлівыя грамадствы, няздольныя дыхаць кіслародам дыялогу і сустрэчы”, - адзначыў іерарх, заклікаючы ўсе бакі, у тым ліку і рэлігійныя супольнасці, вітаць, абараняць і інтэграваць мігрантаў.