ҽ

Папа Францішак Папа Францішак  (VATICAN MEDIA Divisione Foto)

Францішак зацвердзіў статут Сусветнай сеткі папскай малітвы

8 ліпеня 2024 года Святы Пасад паведаміў, што Папа Францішак зацвердзіў статут Фонду Сусветная сетка папскай малітвы.

Аляксандр Амяльчэня - Pope

Задачай арганізацыі з’яўляецца каардынацыя і натхненне малітоўнага руху, надаючы яму “структуру, прыстасаваную да часу, у якім мы жывём”. Аб гэтым ішла размова ў абнародаваным у снежні 2020 года дакуменце аб стварэнні кананічнай і ватыканскай юрыдычнай асобы – Фонду Сусветная сетка папскай малітвы з сядзібай у Дзяржаве Ватыкан. Адначасова на трохгадовы тэрмін быў зацверджаны часовы статут.

У прэамбуле канчатковага статута ад 1 ліпеня 2024 года нагадваецца, што Сусветная сетка вырасла з ініцыятывы, вядомай як Апостальства малітвы. Яно нарадзілася ў Францыі ў 1844 годзе і першапачаткова прызначалася для маладых езуітаў на першым этапе фармацыі, але хутка распаўсюдзілася як малітоўнае апостальства ў падтрымку місіі Касцёла, а ў 1915 годзе ўзнікла яго моладзевая галіна, вядомая сёння як Моладзевы эўхарыстычны рух.

Асаблівасцю руху з’яўляецца малітва ў інтэнцыях, якія Святы Айцец прапануе на кожны месяц. У рамках нядаўняй рэформы Францішак пажадаў, каб гэтая арганізацыя атрымала папскі статус, таму калі ў мінулым Апостальства малітвы ўспрымалася як місія Апостальскай Сталіцы, даручаная Таварыству Езуса, то цяпер – гэта Сусветная сетка. Захоўваючы сваю сувязь з езуіцкім ордэнам, яна адкрываецца на паўсюднае вымярэнне.

Сетка, як гаворыцца ў статуце, адкрыта для кожнага католіка, які імкнецца абудзіць і аднавіць у сабе жыццё місіянерскім характарам, які вынікае з яго хросту. Яе асновай з'яўляецца "духоўнасць Сэрца Езуса".

Фонд падпарадкоўваецца непасрэдна ўладзе Святога Айца, які кіруе ім праз Дзяржсакратарыят, улічваючы гістарычнае даручэнне кіраўніцтва Апостальствам малітвы ад самых яго пачаў Таварыству Езуса.
 

08 ліпеня 2024, 14:36