ҽ

Ян Павел ІІ падчас візіту ў Афрыку. Ілюстрацыйнае фота Ян Павел ІІ падчас візіту ў Афрыку. Ілюстрацыйнае фота 

40-годдзе заснавання Фонду Яна Паўла ІІ на карысць Сахеля

Сёлета адзначаецца 40-годдзе з дня заснавання Фонду Яна Паўла ІІ на карысць Сахеля. Пантыфік прыняў такое рашэнне ў 1984 годзе пасля свайго першага візіту ў Афрыку, дзе ён асабіста ўбачыў трагедыю людзей, якія пакутуюць ад засухі і апустыньвання.

Аляксандр Амяльчэня - Pope

Каб зразумець матывы Яна Паўла ІІ, трэба прачытаць яго гамілію, прамоўленую 10 мая 1980 года ў Уагадугу. Пытанне доступу да вады, патлумачыў Пантыфік, “з’яўляецца пытаннем міжнароднай справядлівасці, асабліва ў адносінах да тых краін, якія занадта часта пакутуюць ад такога роду бедстваў, калі іншыя знаходзяцца ў геаграфічных або кліматычных умовах, якія можна назваць прывілеяванымі ў параўнанні з імі”. Як адзначыў тады Папа, “гэта таксама пытанне міласэрнасці для тых, хто верыць, што кожны мужчына з’яўляецца братам, а кожная жанчына – сястрой, чые пакуты павінны адчуваць і палягчаць усе. Справядлівасць і міласэрнасць, не павінны ведаць ні меж, ні абмежаванняў”.

Суб'ектам Фонду з'яўляюцца дзевяць краін: Буркіна-Фасо, Каба-Вэрдэ, Чад, Гамбія, Гвінея-Бісаў, Малі, Маўрытанія, Нігер і Сенегал. Яго мэта – "падрыхтоўка людзей, якія змагаюцца з засухай і апустыньваннем і дапамагаюць ахвярам засухі ў Сахельскім рэгіёне”. Рада дырэктараў, якая складаецца з дзевяці прэлатаў, што прадстаўляюць Касцёлы кожнай з 9 краін-членаў і прызначаюцца адпаведнымі біскупскімі канферэнцыямі, мае свой генеральны сакратарыят у Уагадугу. Святы Пасад удзельнічае ў пасяджэннях на ўзроўні свайго прадстаўніка.

З 1 студзеня 2017 года, у адпаведнасці з папскім дакументам Humanam Progressionem, кіраванне Фондам было перададзена Дыкастэрыі па служэнні інтэгральнаму развіццю чалавека.
 

09 ліпеня 2024, 10:10