ҽ

Штаб-кватэра ААН ў Нью-Ёрку. Ілюстрацыйнае фота Штаб-кватэра ААН ў Нью-Ёрку. Ілюстрацыйнае фота  (AFP or licensors)

Святы Пасад занепакоены рэкордным ростам ваенных выдаткаў

У 2022 годзе ваенныя выдаткі дасягнулі рэкорднага ўзроўню і склалі 2,24 трыльёна долараў, - адзначыў Прадстаўнік Святога Пасада ў ААН.

Марыя Валодзіна - Pope

19 чэрвеня 2024 года ў Нью-Ёрку прайшла Чацвёртая канферэнцыя Арганізацыі Аб'яднаных Нацый па разглядзе прагрэсу, дасягнутага ў ажыццяўленні Праграмы дзеянняў па прадухіленні і выкараненні незаконнага гандлю стралковай зброяй і лёгкімі ўзбраеннямі (RevCon4). Прадстаўнік Святога Пасада, ксёндз Роберт Мэрфі, падкрэсліў важнасць дасягнення кансэнсусу для таго, каб спрыяць раззбраенню і ўсталяванню справядлівага міру.

Дыпламат назваў бягучую глабальную сітуацыю "фрагментарнай трэцяй сусветнай вайной" і зазначыў, што “незаконнае распаўсюджванне і неправамернае выкарыстанне стралковай зброі і лёгкіх узбраенняў уяўляюць сабой адну з найбольш вострых пагроз бяспецы”. “Штогод дзясяткі тысяч людзей гінуць або атрымліваюць раненні ў канфліктах, якія вядуцца ў асноўным з выкарыстаннем гэтай зброі”, а таксама, за межамі зон канфліктаў, ад рук узброеных груп і тэрарыстаў. “Таму любыя намаганні па кантролі за распаўсюджваннем гэтай зброі маюць вырашальнае значэнне для ўмацавання міру і абароны грамадзянскіх асоб”, - падкрэсліў ён.

Прадстаўнік Святога Пасада выказаўся ў падтрымку Праграмы дзеянняў па прадухіленні, спыненні і выкараненні незаконнага гандлю стралковай зброяй і лёгкімі ўзбраеннямі, а таксама дакументаў, такіх як Палітычная дэкларацыя аб ужыванні зброі выбуховага дзеяння ў населеных раёнах і ініцыятыва Хай маўчыць зброя. Па яго словах, гэтыя інструменты маюць жыццёва важнае значэнне для процідзеяння небяспечным тэндэнцыям распаўсюджвання стралковай зброі і лёгкіх узбраенняў.

Нягледзячы на гэтыя намаганні, працягваецца рост ваенных выдаткаў, якія ў 2022 годзе дасягнулі рэкорднага ўзроўню ў 2,24 трыльёна долараў. "На жаль, сёння інвестыцыі ў вытворчасць зброі прыносяць найбольшы прыбытак", - заўважыў айцец Мэрфі, асуджаючы пагоню за крывавымі грашыма, якая стаіць за гандлем зброяй.

Дыпламат падкрэсліў два ключавыя пытанні: непрапарцыйнае ўздзеянне ўзброеных канфліктаў на дзяцей, уключаючы вярбоўку, выкраданне, гвалт і напады на школы і шпіталі, а таксама неабходнасць уключэння ў тэкст RevCon больш строгіх палажэнняў аб абароне дзяцей. Ён нагадаў таксама пра важнасць задавальнення патрэбаў жанчын і дзяцей, якія пацярпелі ад незаконнага гандлю зброяй, “пазбягаючы любых непаразуменняў у тэрміналогіі, якія могуць паставіць пад пагрозу бяспеку гэтых ахвяр”.

20 чэрвеня 2024, 10:58