ҽ

Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота  (ANSA)

Святы Пасад у ААН: узяць пад абарону кліматычных мігрантаў

Мы ніколі не павінны забываць, што за статыстыкай стаяць рэальныя людзі, чые жыцці знаходзяцца ў небяспецы, - нагадаў Пастаянны назіральнік Святога Пасаду пры ААН і іншых міжнародных арганізацыях у Жэневе.

Аляксандр Панчанка - Pope

Кліматычныя змены – гэта не “абстрактнае паняцце”: доказам таму служаць прыкладна 33 мільёны чалавек, перамешчаных у выніку стыхійных бедстваў у 2022 годзе і больш за 26 мільёнаў у 2023 годзе – людзі, якія былі вымушаны пакінуць свае дамы з-за паводак, ураганаў, пажараў, а таксама землятрусаў і іншых разбурэнняў. Яны з’яўляюцца “чалавечым абліччам” кліматычнага крызісу і стыхійных бедстваў, - падкрэсліў арцыбіскуп Этарэ Балестрэра падчас 34-га пасяджэння Пастаяннага камітэта па праграмах і фінансах Міжнароднай арганізацыі па міграцыі.

“Мы ніколі не павінны забываць, што за статыстыкай стаяць рэальныя людзі, чые жыцці знаходзяцца ў небяспецы”, - сцвердзіў ватыканскі дыпламат, заклікаючы неадкладна прыняць меры па іх абароне, гарантуючы ім магчымасць жыць і развівацца з годнасцю, дадзенай Богам.

Арцыбіскуп Балестрэра адзначыў важнасць дапамогі мігрантам, якія былі вымушаны пакінуць свае краіны з-за стыхійных бедстваў або павольных змен навакольнага асяроддзя, звязаных з кліматычным фактарам. “Нават калі яны не маюць доступу да міжнароднай абароны, дзяржавы не могуць пакінуць іх без рэальных рашэнняў”, - сказаў ён, прапануючы павялічыць даступнасць шляхоў законнай міграцыі.

Папскі прадстаўнік у ААН падкрэсліў тры важныя моманты: па-першае, трэба “прызнаць сувязь паміж кліматычным крызісам і перамяшчэннем” людзей; па-другое, пашырыць маштабы прафілактыкі, навучання рызыкам і павышэння ўстойлівасці, каб захаваць жыцці і зменшыць матэрыяльныя і эканамічныя страты, выкліканыя стыхійнымі бедствамі; па-трэцяе, актыўна рыхтаваць людзей да перамяшчэння, калі яно непазбежнае, шляхам прадстаўлення “дакладнай інфармацыі, падтрымкі ў прыняцці рашэнняў аб міграцыі і стварэння сетак салідарнасці для садзейнічання інтэграцыі” мігрантаў у іх новыя грамадствы.

Іерарх адзначыў, што “абарона годнасці і правоў кліматычных мігрантаў вынікае з абавязку абароны святасці кожнага чалавечага жыцця і патрабаваннем павагі да боскага наказу агарнуць клопатам і ахоўваць наш супольны дом”. “Наш клопат адзін пра аднаго і пра наш супольны дом цесна звязаны паміж сабой”, - дадаў арцыбіскуп Этарэ Балестрэра.
 

15 чэрвеня 2024, 09:01