Святы Пасад: адмовіцца ад абыякавасці да ахвяр гандлю людзьмі
Марыя Валодзіна - Pope
27 чэрвеня 2024 года місія Пастаяннага назіральніка Святога Пасада пры ААН і міжнародных арганізацыях у Жэневе прыняла ўдзел у інтэрактыўным дыялогу 56-й чарговай сесіі Рады па правах чалавека, на якім разглядалася праблема гандлю людзьмі на моры.
Прадстаўнік Святога Пасада заявіў, што гандаль людзьмі павінен разглядацца як адно з найбольш сур'ёзных парушэнняў чалавечай годнасці. Тыя, хто рызыкуе жыццём на моры ў пошуках лепшага жыцця, не павінны замест гэтага сутыкацца з эксплуатацыяй і смерцю. Было падкрэслена, што гандаль людзьмі на сушы і на моры часта носіць схаваны характар, аднак пакідае глыбокія раны ў ахвяр, часта жанчын і дзяцей.
Надышоў час адмовіцца ад культуры абыякавасці да гэтай трагічнай і глабальнай праблемы і дапамагчы найбольш уразлівым. Тыя, хто жыве ва ўмовах крайняй галечы, часцей за ўсё трапляюць у пастку гандлю людзьмі і рабства, гаворыцца ў заяве місіі Святога Пасада.
Прабелы ў абароне людзей, якія перамяшчаюцца па моры, часта з'яўляюцца следствам адсутнасці міжнароднага супрацоўніцтва і нежадання браць на сябе адказнасць на мясцовым, нацыянальным і міжнародным узроўнях.
Для барацьбы з гандлем людзьмі Святы Пасад прапанаваў такія меры, як крыміналізацыя сетак гандляроў людзьмі, вызначэнне больш бяспечных міграцыйных маршрутаў, пашырэнне каналаў законнай міграцыі і адказны падыход да кіравання міграцыйнымі патокамі. Асаблівую ўвагу неабходна надаваць жанчынам, дзецям і падлеткам, якія вымушаны жыць удалечыні ад радзімы і сваіх сем’яў.