Кардынал Краеўскі: чаму моладзь дагэтуль павінна гінуць на вайне?
Аляксандр Панчанка - Pope
Кардынал Конрад Краеўскі здзейсніў візіт ва Украіну ў рамках чарговай гуманітарнай місіі. Ён асабіста даставіў рэанімабіль і лекі, падараваныя Святым Айцом бальніцы ў горадзе Зборыў у Цярнопальскай вобласці, і благаславіў рэабілітацыйны цэнтр імя святога Яна Паўла ІІ, пабудаваны ў вёсцы Шаравечка ў Каменец-Падольскай дыяцэзіі з дамамогай некалькіх папскіх дабрачынных фондаў.
У каментары для Pope прэфект Дыкастэрыі па міласэрным служэнні распавёў, што 26 чэрвеня 2024 года прыехаў у Цярнопаль. Паколькі было вельмі рана ён вырашыў не турбаваць мясцовага пробашча, а наведаць мясцовыя могілкі, дзе ўбачыў мноства свежых магіл маладых салдат, якія загінулі на фронце.
“Мне было вельмі балюча, і нават злосна: як так, што ў 2024 годзе маладыя людзі дагэтуль гінуць на вайне?”, - сказаў ён, дадаючы, што гэты боль стаў яшчэ мацнейшым, калі ён убачыў маладую цяжарную жанчыну, якая спынілася ля магілы непадалёку.
“У мяне на гербе напісана “міласэрнасць”... Але на самай справе сёння мне было цяжка з міласэрнасцю. Чаму дагэтуль страляюць, чаму забіваюць? Я ведаю, што міласэрнасць – гэта скандал, што яна перавышае справядлівасць, з’яўляецца другім імем Бога, але сёння мне было вельмі цяжка выкарыстаць гэта слова. Я быў вельмі раззлаваны, знаходзячыся на могілках ва Украіне. Але потым мне згадаліся словы літання да Найсвяцейшага Сэрца Езуса, я задумаўся, што не павінен судзіць згодна з крытэрыямі свету і супакоіўся”, - сказаў кардынал Краеўскі, дадаючы: “Мы, людзі, здольныя рабіць надзвычайныя справы ў свеце, але таксама і жахлівыя, нялітасцівыя, і гэта ўжо больш за два гады працягваецца ва Украіне”.