ҽ

Арцыбіскуп Пол Рычард Галахер Арцыбіскуп Пол Рычард Галахер  (ANSA)

Галахер: гуманнасць не павінна засланяцца ваеннымі стратэгіямі

Святы Пасад прытрымліваецца прынцыпаў нейтралітэту, але не можа заставацца “маральна абыякавым” у адносінах да канфліктаў, - нагадаў Сакратар па адносінах Апостальскай Сталіцы з дзяржавамі і міжнароднымі арганізацыямі.

Аляксандр Панчанка - Pope

Арцыбіскуп Пол Рычард Галахер прыняў удзел ва ўрачыстым прыёме з нагоды 76-годдзя незалежнасці Ізраіля, які прайшоў 6 чэрвеня 2024 года ў пасольстве гэтай краіны пры Святым Пасадзе.

Тэрарызм не могуць апраўдаць ніякія матывы

Прадстаўнік Папы згадаў пра “жудасны тэрарыстычны напад, здзейснены 7 кастрычніка ХАМАСам і іншымі баевікамі супраць ізраільскага народа”, падчас якога “сотні людзей, сярод якіх шмат яўрэяў, былі зверскі забіты, згвалтаваны і варварскі ўзяты ў заложнікі”.

Іерарх выказаў смутак і спачуванні ў сувязі з гэтым здарэннем, а таксама нагадаў словы Папы пра тое, што тэрарызм не можа быць сродкам вырашэння канфліктаў, бо “з’яўляецца чынам абсалютнай пагарды да чалавечага жыцця і ніякія матывы, ні палітычныя, ні рэлігійныя, не могуць апраўдаць яго”.

Арцыбіскуп падкрэсліў, што Пантыфік асабіста патрабаваў неадкладнага вызвалення выкрадзеных людзей, сустракаўся з сем’ямі ахвяр і скіраваў беспрэцэдэнтны ліст “яўрэйскім братам і сёстрам у Ізраілі”, у якім запэўніў у салідарнасці Касцёла з яўрэйскім народам.

Прынцып гуманнасці не павінен засланяцца ваеннымі стратэгіямі

Гаворачы пра “сур’ёзны ізраільскі ваенны адказ у Газе”, які выклікаў іншыя ваенныя напады на Ізраіль з боку розных недзяржаўных актораў з Лівана, Емена і іншых краін, ватыканскі дыпламат адзначыў, што Святы Пасад, хоць і прытрымліваецца прынцыпаў нейтралітэту, але не можа заставацца “маральна абыякавым” у адносінах да канфліктаў.

Апостальская Сталіца “не закрывае дзверы ні перад кім і намагаецца зразумець матывы і пункты гледжання кожнага”, але падкрэслівае, што “фундаментальны прынцып гуманнасці, ніколі не павінен адкідацца ці засланяцца ваеннымі стратэгіямі, бо інакш прынцыпы неабходнасці і прапарцыянальнасці непазбежна парушаюцца”, - дадаў арцыбіскуп Галахер.

Патрэбна барацьба з антрыхрысціянскімі дзеяннямі і антысемітызмам

Сакратар па адносінах Святога Пасаду з дзяржавамі падкрэсліў таксама, што ў цяперашні час здзяйсняюцца высілкі, накіраваныя на пераадоленне заклапочанасці Каталіцкага Касцёла ў Ізраілі, якая тычыцца “ўсё больш агрэсіўных адносін некаторых адміністратыўных органаў, асабліва муніцыпалітэтаў” і “неабходнасці больш цеснага супрацоўніцтва для асуджэння і прадухілення ганебных антыхрысціянскіх дзеянняў яўрэйскіх экстрэмістаў”.

Папскі дыпламат выказаў спадзяванне на тое, што каталіцкія супольнасці ў Ізраілі змогуць працягваць рабіць свой уклад у жыццё грамадства, будучы яго часткай, асабліва ў сацыяльнай і адукацыйнай сферы і ў сферы міжрэлігійнага і экуменічнага дыялогу. Арцыбіскуп падзяліўся надзеяй на тое, што святыя месцы як мага хутчэй зноў змогуць прымаць пілігрымаў з усяго свету. Ён таксама заклікаў да паўсюднага выкаранення ўсякіх форм антысемітызму, рост якога назіраецца ў апошнія месяцы.

Дыялог і паразуменне магчымыя

У вігілію 10-годдзя малітвы, падчас якой Папа Францішак, Патрыярх Канстацінопальскі Барталамей І, тагачасныя прэзідэнты Ізраіля і Палесціны, Шымон Перэс і Махмуд Абас, разам маліліся за мір у Святой Зямлі і пасадзілі аліўкавае дрэва ў Ватыканскіх садах, арцыбіскуп Галахер выказаў пажаданне, каб мір у Ізраілі наступіў як мага хутчэй. Ён падкрэсліў таксама, што “дыялог і паразуменне магчымыя”.
 

07 чэрвеня 2024, 09:39