ҽ

Лагатып Рады біскупскіх канферэнцый Еўропы Лагатып Рады біскупскіх канферэнцый Еўропы  

CCEE: у 2025 годзе будзе падпісана абноўленая Экуменічная хартыя

27 красавіка 2025 года – у год супольнага святкавання Вялікадня ўсімі хрысціянамі – будзе падпісана абноўленая версія Еўрапейскай Экуменічнай хартыі.

Ян Глінскі

Аб гэтым паведамляецца ў выніковым камюніке штогадовага пленарнага пасяджэння Рады біскупскіх канферэнцый Еўропы (CCEE), якое праходзіла 24-27 чэрвеня 2024 года ў сталіцы Сербіі Бялградзе на тэму Пілігрымы надзеі. Да Касцёла сінадальнага і місійнага.

Экуменічная хартыя – дакумент аб супрацоўніцтве хрысціянскіх Цэркваў у Еўропе, падпісаны ў 2001 годзе старшынямі Рады біскупскіх канферэнцый Еўропы і Канферэнцыі Еўрапейскіх Цэркваў (KEK).

Старшыня ССEE арцыбіскуп Віленскі Гінтарас Грушас прадставіў і іншыя экуменічныя ініцыятывы, якія прадпрымаюцца радай. Сярод іх першая сустрэча з уладамі Пастаяннай Канферэнцыі Усходніх Праваслаўных Цэркваў у Еўропе (OCE). Акрамя гэтага арцыбіскуп Грушас заклікаў усіх да падрыхтоўкі да юбілею, каб той “стаў падзеяй ласкі для нашых супольнасцяў і нашых краін, а таксама быў нагодай для давання сведчання, што Хрыстус – адзіная надзея чалавека”.

Іерарх нагадаў таксама пра адкрыццё новай сядзібы ССЕЕ ў Рыме, якая была перанесена ў Вечны горад са швейцарскага горада Санкт-Гален. Рэлакацыя была здзейснена з мэтай умацавання супрацоўніцтва еўрапейскіх епіскапатаў паміж сабой і з Апостальскай Сталіцай, а таксама для новага душпастырскага імпульсу і экуменічнага размаху, асабліва з нагоды згаданага юбілею і падчас сінадальнага шляху.
 

28 чэрвеня 2024, 09:57