Святы Пасад: спрыяць удзелу пажылых людзей у грамадскім жыцці
Марыя Валодзіна - Pope
Тое, як будуюцца гарады і пасёлкі ў сельскай мясцовасці, можа спрыяць або перашкаджаць удзелу пажылых людзей у грамадскім жыцці, - адзначыў арцыбіскуп Габрыэле Кача. Ён падкрэсліў важнасць забеспячэння пажылых людзей даступным жыллём. Важным фактарам таксама з’яўляецца блізкасць да прадуктовых крам, медыцынскіх і сацыяльных устаноў, месцаў духоўнага жыцця, а таксама грамадскіх службаў. Праекты ў галіне інфраструктуры, транспарту і жыллёвага будаўніцтва павінны ў большай ступені ўлічваць абмежаванні руху, зроку і слыху пажылых людзей.
Ватыканскі дыпламат падкрэсліў, што пажылых людзей трэба не ізаляваць, а заахвочваць да таго, каб яны падтрымлівалі блізкасць з маладымі пакаленнямі, як у выпадку з жыллёвымі праектамі для прадстаўнікоў розных пакаленняў.
Арцыбіскуп Кача адзначыў, што ўдзел у грамадскім жыцці і працэсах прыняцця рашэнняў не можа абмяжоўвацца палітычнымі і грамадзянскімі правамі чалавека, ён павінен распаўсюджвацца на выхаванне пачуцця прыналежнасці. Важна прызнаць каштоўны ўклад, які пажылыя людзі могуць унесці не толькі ў жыццё сваіх сем'яў, але і ў жыццё грамадства ў цэлым.
Іерарх выказаў глыбокую занепакоенасць тым, што многія пажылыя людзі страчваюць зацікаўленасць у будучыні. Ён патлумачыў гэта распаўсюджваннем культуры адкідаў, якая разглядае іх як непатрэбных. “Калі грамадства прапануе самагубства замест спачувальнага суправаджэння, яно ігнаруе роўную годнасць усіх людзей на кожным этапе чалавечага жыцця да натуральнай смерці”, - падкрэсліў ён.
Прадстаўнік Святога Пасада заахвоціў намаганні, якія б дазволілі кожнаму чалавеку адчуць, што яго суправаджаюць і пра яго клапоцяцца, нават у самыя складаныя моманты яго жыцця.