Святы Пасад: дапамагчы афрыканцам стаць гаспадарамі свайго лёсу
Марыя Валодзіна - Pope
Афрыканскі кантынент валодае багатымі чалавечымі і прыроднымі рэсурсамі, а таксама багатай культурнай спадчынай. Аднак ён сутыкаецца са шматлікімі праблемамі, такімі як канфлікты, тэрарызм, наступствы змены клімату, барацьба за эканамічнае развіццё і выкараненне галечы. Гэтыя праблемы вядуць да нестабільнасці і перашкаджаюць прагрэсу многіх афрыканскіх краін, зазначыў арцыбіскуп Габрыэле Кача.
Дыпламат падкрэсліў два ключавыя моманты, якія тычацца ўзмацнення ролі афрыканскіх дзяржаў у вырашэнні праблем у галіне бяспекі і развіцця.
Па-першае, неабходна прызнаць значны прагрэс афрыканскіх дзяржаў у вырашэнні некаторых найбольш вострых праблем кантынента. У якасці прыкладаў дыпламат узгадаў ініцыятыву Афрыканскага саюза Хай маўчыць зброя (Silencing the Guns), накіраванай на спыненне незаконнага гандлю зброяй тэрарыстычнымі і ўзброенымі групоўкамі. Ён таксама прывітаў маючы адбыцца 25 мая ў Адыс-Абебе калоквіум, прымеркаваны да 20-й гадавіны заснавання Савета міру і бяспекі Афрыканскага саюза.
Па-другое, глыбокі непакой Святога Пасада выклікаюць “уладныя амбіцыі некаторых краін па эксплуатацыі прыродных рэсурсаў і народаў афрыканскага кантынента”. У цяперашні час назіраецца новая хваля каланіялізму, якая не паважае годнасць, уласцівую кожнаму чалавеку, і падрывае намаганні па дасягненні агульнага дабра і выкараненні галечы, - папярэдзіў арцыбіскуп Кача.
Іерарх заклікаў міжнародную супольнасць да калектыўнай дзейнасці, каб усе мужчыны, жанчыны і дзеці Афрыкі сталі "годнымі гаспадарамі свайго лёсу".
“Хай Афрыка, усмешка і надзея свету, мае большае значэнне. Хай пра яе кажуць часцей і хай яна мае большую вагу і прэстыж сярод нацый!” - такімі словамі Францішка завяршыў сваю прамову ў ААН арцыбіскуп Кача.