ҽ

Крыж радасці мастака Міма Паладзіна Крыж радасці мастака Міма Паладзіна 

Сімвалам Сусветнага дня дзяцей стане Крыж радасці

4-метровы крыж, выкананы сучасным італьянскім мастаком Міма Паладзіна, стане сімвалам І Сусветнага дня дзяцей. Ён будзе суправаджаць маленькіх вернікаў, якія 25-26 мая 2024 года збяруцца на рымскім Алімпійскім стадыёне і на плошчы святога Пятра.

Марыя Валодзіна – Pope

У бліжэйшыя выхадныя ў Рыме будзе адзначацца І Сусветны дзень дзяцей. Запрашэнне на свята хлопчыкам і дзяўчынкам даслаў Папа Францішак. “Звяртаюся перш за ўсё да кожнага з вас асабіста, да цябе, дарагая дзяўчынка, да цябе, дарагі хлопчык, таму што ты каштоўны ў вачах Бога”, - напісаў ён.

У другой палове дня ў суботу святочныя мерапрыемствы пройдуць на Алімпійскім стадыёне Рыма. Сустрэчу ўзначаліць Святы Айцец. У праграме: цырымонія прывітання замежных дэлегацый; канцэрт, весці які будзе вядомы італьянскі тэлевядучы Карла Конці; і кульмінацыйны момант – дыялог Папы з дзецьмі.

У нядзельную раніцу ініцыятыва перамесціцца на плошчу перад ватыканскай базілікай святога Пятра. Тут пройдзе заключнае Эўхарыстычнае набажэнства і малітва Анёл Панскі, падчас якой Папа дашле прывітанне дзецям усяго свету.

Сімвалам І Сусветнага дня дзяцей стане Крыж радасці вышынёй больш за 4 метры. Італьянскі мастак Міма Паладзіна працаваў над ім амаль месяц. Кветкі і зоркі, расліны і жывёлы, якія ён адлюстраваў на крыжы, спасылаюцца на Евангелле і казкі. Як патлумачыў сам мастак, на крыжы "прадстаўлены элементы хрысціянскай гісторыі і культуры, а таксама казачныя выявы, каб стымуляваць фантазію дзяцей і дарослых".

Чакаецца, што ў сустрэчы з Папам прымуць удзел дзесяткі тысяч маленькіх пілігрымаў з розных куткоў свету.

Беларусь на першым у гісторыі Сусветным дні дзяцей будуць прадстаўляць каля 20 маленькіх вернікаў. Арганізатарам пілігрымкі выступіў Хрысціянскі сацыяльны цэнтр у Мінску. Групу дзяцей суправаджаюць бацькі і адказныя асобы на чале з сястрой Чаславай Навіцкай, адказнай за душпастырства дзяцей у Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі. Акрамя ўдзелу ў Сусветным дні дзяцей, малыя пілігрымы з Беларусі наведаюць святыні і славутыя месцы Вечнага горада.

23 мая 2024, 12:24