5-годдзе Christus vivit: рымскі кангрэс аб душпастырстве моладзі
Аляксандр Панчанка – Pope
Кангрэс будзе прымеркаваны да 5-й гадавіны паслясінадальнай Апостальскай адгартацыі Папы Францішка Christus vivit, апублікаванай у 2019 годзе і адрасаванай моладзі. Яго тэма: На карысць сінадальнага моладзевага душпастырства: новыя стылі і стратэгіі лідарства.
Пасля ўступнага слова кардынала Кевіна Фарэла, прэфекта Дыкастэрыі па справах свецкіх, сям’і і жыцця, юнакі і дзяўчаты засяродзяцца на аналізе і ацэнцы значных падзей Сусветных дзён моладзі, якія прайшлі ў мінулым годзе ў сталіцы Партугаліі, а таксама пазнаёмяцца з падрыхтоўкай да наступнага форума, які адбудзецца ў сталіцы Паўднёвай Карэі. Сваімі думкамі з імі падзеляцца партугальскія і карэйскія біскупы.
Гаворка будзе ісці таксама пра Юбілей 2025 года, у прыватнасці пра Юбілей моладзі, які адбудзецца з 28 ліпеня па 3 жніўня ў Рыме. Пра дэталі гэтай падзеі дэлегатам раскажа арцыбіскуп Рына Фізікела, прапрэфект Дыкастэрыі па евангелізацыі.
Другі дзень форума будзе прысвечаны тэме ўдзелу моладзі ў жыцці Касцёла і грамадства, сінадальнасці, фармацыі і духоўнаму суправаджэнню. Уводзіны ў дыскусіі будуць рабіць запрошаныя эксперты: універсітэцкія выкладчыкі, кіраўнікі адукацыйных, фармацыйных і місійных праектаў з розных частак свету.
У суботу 25 мая ўдзельнікаў кангрэса прыме на прыватнай аўдыенцыі Святы Айцец. У другой палове дня яны будуць мець магчымасць паразмаўляць з сястрой Наталі Бэкар, намесніцай сакратара Генеральнага сакратарыяту Сінода Біскупаў.